У Эўразьвязе адрэагавалі на «справу Tut.by»: «Вінаватыя ня могуць застацца беспакаранымі»

Пэтэр Стана

Прадстаўнік Жузэпа Бурэля заявіў, што Эўразьвяз узгодніць сумесныя намаганьні зь міжнароднай супольнасьцю, каб прыцягнуць да адказнасьці вінаватых у разгроме Tut.by і іншых фактах гвалту і парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі.

Вінаватыя ў парушэньні правоў чалавека ў Беларусі ня могуць застацца беспакаранымі, папярэдзіў у сераду прэс-сакратар вярхоўнага прадстаўніка Эўразьвязу ў замежных справах Жузэпа Бурэля Пэтэр Стана.

Эўразьвяз узгадняе намаганьні зь міжнароднай супольнасьцю ў прыцягненьні вінаватых да адказнасьці, цытуе Пэтэра Стану Польскае радыё:

«У апошнім эпізодзе рэпрэсій і запалохваньня рэжымам у панядзелак улады напалі на найбуйнейшы незалежны асяродак мэдыя Tut.by. Сама меней 15 супрацоўнікаў парталу затрымалі, ягоны дамэн заблякаваны, офісы супрацоўнікаў і прыватныя кватэры зазналі ператрусы, заведзена крымінальная справа супраць яго кіраўніцтва», — нагадаў Стана ў заяве, накіраванай прадстаўнікам СМІ.

Ён падкрэсьліў, што нядаўнія дзеяньні афіцыйнага Менску ў дачыненьні іншых незалежных СМІ і журналістаў сьведчаць аб поўным ігнараваньні свабоды слова і супярэчаць міжнародным абавязаньням Беларусі ў рамках ААН і АБСЭ.

Стана заклікаў спыніць перасьлед журналістаў, мірных дэманстрантаў, праваабаронцаў, палітычнай апазыцыі і прадстаўнікоў меншасьцяў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рэакцыі на атаку ўладаў на Tut.by: «Гэта скачок у Сярэднявечча»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка прыняў даверчыя лісты 6 замежных амбасадараў. Краін Эўразьвязу і ЗША сярод іх няма
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўнік дыпляматычнай службы ЭЗ: Санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі маюць прыняць «у найбліжэйшыя тыдні»