Хто такі Раман Пратасевіч

Раман Пратасевіч

23 траўня на асабісты загад Аляксандра Лукашэнкі самалёт кампаніі Ryanair Атэны — Вільня быў прымусова пасаджаны ў менскім аэрапорце. У выніку быў затрыманы журналіст і блогер Раман Пратасевіч, які знаходзіўся на борце самалёта.
Усе апошнія навіны па тэме Улады Беларусі пасадзілі самалёт Ryanair, затрымалі блогера Рамана Пратасевіча. Галоўнае

Раману Пратасевічу 26 гадоў. Як журналіст ён некалькі гадоў супрацоўнічаў зь беларускімі выданьнямі. Пазьней далучыўся да тэлеграм-каналу Nexta, быў там галоўным рэдактарам. На момант затрыманьня працаваў у камандзе тэлеграм-каналу «Беларусь головного мозга».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менску затрымалі журналіста Рамана Пратасевіча. Самалёт, якім ён ляцеў, пасадзілі з дапамогай вайсковага зьнішчальніка

Браў удзел у пратэстах яшчэ падлеткам

Імя Рамана Пратасевіча стала вядомае падчас маўклівых акцый 2011 году. Тады колішні намінант на прэзыдэнцкую прэмію16-гадовы Раман быў затрыманы. Пазьней ён заявіў, што яму давялося забраць дакумэнты зь Ліцэю БНТУ, а з бацькамі ўзьнік канфлікт на палітычнай глебе. Як пісалі СМІ, на той момант Раманаў бацька быў старэйшым выкладчыкам катэдры ідэалягічнай працы ў Вайсковай акадэміі.

Пасьля ўдзелу ў маўклівых акцыях Раман Пратасевіч далучыўся да Маладога фронту. Ён таксама спрабаваў удзельнічаць у кампаніі па выбарах у Моладзевую палату пры менскім гарсавеце

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Блогера Рамана Пратасевіча аштрафавалі за Марш абураных беларусаў

З актывіста стаў журналістам

Пасьля школы Раман паступіў на журфак БДУ, але, як паведамляла Эўрарадыё, быў адлічаны. Ён супрацоўнічаў з многімі беларускімі выданьнямі. Апошнім зь іх перад ад’ездам за мяжу стала Эўрарадыё.

Стыпэндыят прэміі імя Вацлава Гаўла

У 2017-2018 гадах Раман Пратасевіч атрымаў стыпэндыю Вацлава Гаўла і стажыраваўся на Радыё Свабода.

Папрасіў прытулку ў Польшчы яшчэ да прэзыдэнцкіх выбараў

Прычынай стала затрыманьне журналіста Ўладзімера Чудзянцова, зь якім Пратасевіч сябраваў у Беларусі. Чудзянцова затрымалі 22 лістапада 2019 па дарозе ў Польшчу. Была інфармацыя, што Чудзянцоў супрацоўнічаў з тэлеграм-каналам Nexta. На фоне гэтых падзей Раман прыняў рашэньне застацца ў Польшчы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Журналіст Чудзянцоў застаецца за кратамі. Ягоны сябар папрасіў палітычнага прытулку ў Польшчы

Уладзімера Чудзянцова асудзілі на 6 з паловай гадоў пазбаўленьня волі за распаўсюд порна заведама непаўналетняму, захоўваньне наркотыкаў і спробу перавозу наркотыкаў празь мяжу. У 2021 годзе Чудзянцоў, затрыманы задоўга да пратэставых падзей, зьявіўся ў прапагандысцкім фільме «Забіць прэзыдэнта».

Сышоў зь Nexta, далучыўся да каналу «Беларусь головного мозга»

У Польшчы Раман Пратасевіч адкрыта супрацоўнічаў з каналам Nexta. У канцы верасьня 2020-га у разгар пратэстаў у Беларусі Пратасевіч заявіў пра сыход з каналу. У сакавіку 2021-га ён заявіў пра далучэньне да каманды каналу «Беларусь галоўнага мозга», які раней адміністраваў блогер Ігар Лосік.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сярод пазбаўленых вайсковых званьняў — бацька былога галоўнага рэдактара «экстрэмісцкага» тэлеграм-каналу

Ягоны бацька быў пазбаўлены вайсковага званьня

Імя бацькі Рамана — падпалкоўніка запасу Дзьмітрыя Пратасевіча — зьявілася ў сьпісе сілавікоў, якіх Лукашэнка пазбавіў вайсковых званьняў на фоне пратэстаў у Беларусі. «Бацька аддаў вайсковай службе 29 гадоў і звольніўся яшчэ ўвосень 2019-га, пасьля чаго працаваў у інкасацыі. Ён ня браў актыўнага ўдзелу ў пратэстах, ні разу не затрымліваўся, ні да чога не прыцягваўся», — казаў тады Раман Пратасевіч. Паводле яго, бацькі выехалі за ім у Польшчу, калі ён папрасіў там прытулку.

У Беларусі быў абвешчаны ў вышук

Рамана Пратасевіча, як і заснавальніка «NEXTA» Сьцяпана Пуцілу абвясьцілі ў міждзяржаўны вышук. Пратасевіча і Пуцілу абвінавачваюць у арганізацыі масавых беспарадкаў і групавых дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, — арт. 293, арт. 342, а таксама ў распальваньні сацыяльнай варожасьці (ч. 3 арт. 130) Крымінальнага кодэксу Беларусі. Іх унесьлі ў так званы «сьпіс тэрарыстаў», які афіцыйна называецца «Пералік арганізацый і фізычных асоб, датычных да тэрарыстычнай дзейнасьці».