Герояў публікацый «Нашай нівы» схіляюць заявіць, што журналісты ім плацілі. Рэдакцыя абвяргае

Затрыманыя па «справе „Нашай Нівы“» (зьлева направа): галоўны бухгальтар Вольга Раковіч, рэдактар часопісу «Наша гісторыя» Андрэй Дынько, галоўны рэдактар «Нашай Нівы» Ягор Марціновіч і кіраўнік аддзелу рэклямы і маркетынгу газэты Андрэй Скурко

Тыдзень таму затрымалі чацьвярых супрацоўнікаў «Наша нівы». Усе яны знаходзяцца ў менскай турме на Акрэсціна ў статусе падазраваных у арганізацыі дзеяньняў, якія парушаюць грамадзкі парадак.

Як стала вядома рэдакцыі выданьня, сілавікі цяпер дапытваюць герояў публікацый, схіляючы іх да заяваў, што журналісты нібыта плацілі ім за інтэрвію і ўдзел у палітычных акцыях.

«У сваёй працы мы заўсёды кіраваліся законам і журналісцкімі стандартамі: ніколі не плацілі героям публікацый, не схілялі іх ні да якіх дзеяньняў, аб’ектыўна асьвятлялі тое, што адбываецца ў Беларусі і за мяжой», — гаворыцца ў паведамленьні «Нашай нівы».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Нельга ператварыць у попел і закапаць у зямлю тое, што зрабілі нашаніўцы». «Наша ніва» плянуе запусьціць новы сайт

Практыка допыту герояў публікацый ня новая. З такім самым падыходам сутыкнулася журналістка тэлеканалу «Белсат» Валярына Кустава, якая празь перасьлед пакінула Беларусь. Героямі яе журналісцкіх матэрыялаў таксама зацікавіліся сілавікі: іх схілялі да прызнаньняў, што журналістка давала ім грошы за інтэрвію. Пазьней «прызнальныя» аповеды зьявіліся ў прапагандысцкіх СМІ і тэлеграм-каналах.

«Падобна, тым жа шляхам сілавікі ідуць па справе нашаніўцаў. Ад імя рэдакцыі заяўляем: „Наша ніва“ ніколі не плаціла героям публікацый і не вымушала іх займаць тую ці іншую палітычную пазыцыю; выданьне не зьяўляецца палітычным гульцом, наша задача — праўдзіва асьвятляць падзеі ў краіне і за мяжой», — адзначаецца ў заяве.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дынько з Акрэсьціна: Прасторы для працы грамадзка-палітычных СМІ ў Беларусі не засталося

8 ліпеня ў рэдакцыі прайшоў ператрус, сілавікі забралі тэхніку, дакумэнты. Пасьля гэтага офіс апячаталі. 15 ліпеня ў рэдакцыю зноў прыйшлі сілавікі.

Тыдзень таму затрымалі галоўнага рэдактара «Нашай нівы» Ягора Марціновіча, галоўнага рэдактара часопісаў «Наша гісторыя», «Дуду» і «Асьцярожна: дзеці!» Андрэя Дынько, кіраўніка аддзела рэклямы і маркетынгу Андрэя Скурко, галоўную бухгальтарку Вольгу Раковіч. Усе яны праходзяць падазраванымі паводле ч. 1 арт. 342 КК (арганізацыя ці падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, або актыўны ўдзел у іх).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Працаваць журналістам незалежнага СМІ раўназначна самагубству». Як выданьні перажываюць ціск уладаў

На падставе гэтага артыкулу асудзілі шматлікіх удзельнікаў пратэставых акцый; праваабаронцы лічаць перасьлед палітычна матываваным.

Праваабаронцы прызналі затрыманых нашаніўцаў палітвязьнямі.