Рыгор Кастусёў застаецца ў СІЗА КДБ, нягледзячы на падазрэньні на анкалёгію

Рыгор Кастусёў падчас акцыі, архіўнае фота

Сьледзтва адмовілася зьмяніць меру ўтрыманьня ў адносінах лідэра Партыі БНФ Рыгора Кастусёва.

Паводле адваката палітыка, на якога спасылаецца «Наша ніва», падабаронны адчувае сябе кепска. Ня так даўно яго перавялі ў турэмны шпіталь у СІЗА № 1 Менску, бо ўзьніклі праблемы з сэрцам.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У лідэра Партыі БНФ Рыгора Кастусёва, які знаходзіцца пад вартай, падазраюць онказахворваньне

У працэсе абсьледаваньня высьветлілася, што ў Рыгора Кастусёва падазрэньне на анкалёгію, якую цягам 2012-2016 гадоў цывільным мэдыкам удалося прыпыніць. Аднак са шпіталя яго зноў вярнулі ў СІЗА КДБ.

Рыгора Кастусёва затрымалі 12 красавіка ў Шклове. Разам з палітолягам Аляксандрам Фядутам і юрыстам Юрасём Зянковічам яго вінавацяць у змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам (ч. 1 арт. 357 Крымінальнага кодэксу).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пра дзяржаўны пераварот і дзяцей у склепе. Нестыкоўкі ў афіцыйных вэрсіях

Аляксандар Лукашэнка неўзабаве пасьля затрыманьня згаданых асобаў заявіў, што рыхтаваўся збройны мяцеж, а таксама замах на яго і на ягоных дзяцей.

Справа «аб дзяржперавароце» працягнутая да кастрычніка.