«Цяпер я магу хадзіць». Як зьмянілася жыцьцё хлопца, якому летась адарвала ступню на пратэсьце. ВІДЭА

Георгі Стайкоўскі

Летась жыцьцё 33-гадовага Георгія Сайкоўскага кардынальна зьмянілася. 10 жніўня ён вяртаўся дадому ў раёне Пушкінскай. Каля яго ног выбухнула светлашумавая граната. У выніку яму ампутавалі ступню да пяткі. Доўгі час ён мог перасоўвацца толькі на вазку. Восеньню 2020-га Георгі зьехаў у Польшчу на рэабілітацыю. Яму паставілі пратэз, і цяпер ён можа хадзіць. Як зьмянілася за год жыцьцё Георгія з-за пратэстаў у Беларусі — у інтэрвію Свабоды.

10 жніўня ён апынуўся ў раёне станцыі мэтро Пушкінская. Акцыю пратэсту там разганялі сьветлашумавымі гранатамі. Да пад'езда заставалася некалькі хвілін, аднак у яго пад нагамі выбухнула граната.

«Ўспышка, аглушэньне, дэзарыентацыя. Частка аскепка прыляцела мне ў правую нагу. Да таксоўкі мне дапамаглі дайсьці выпадковыя мінакі. Яны давезьлі мяне да станцыі хуткай. Я бачыў, што мезенец і другі палец боўтаюцца. Усё было як у тумане. Яшчэ спадзяваўся, што абыдзецца толькі ампутацыяй двух пальцаў, але ампутавалі ступню да пяткі», — кажа Георгі.

Мужчыне пасьля аперацыі паставілі дыягназ: выбухная траўма, траўматычная ампутацыя дыстальнага аддзела правай ступні.

Пасьля Георгію далі 3-ю групу інваліднасьці. У кастрычніку 2020-га ён удзельнічаў у маршах людзей з інваліднасьцю.

У шпіталі Георгі правёў больш за 50 дзён, было тры апэрацыі, штодня антыбіётыкі. Не зажывалі тканкі — прыйшлося ампутаваць большую частку ступні.

Увосень ён выехаў у Польшчу на рэабілітацыю. Тут ён пачаў наноў хадзіць, яму зрабілі пратэз на нагу.

Цяпер ён жыве ў Варшаве, плянуе вучыць польскую мову і паступаць ва ўнівэрсытэт па праграме імя Кастуся Каліноўскага.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень–кастрычнік 2020. Мы — сьведкі. „«Зэкі» з нараў падскочылі ад жаху“. АБНАЎЛЯЕЦЦА
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 32-гадоваму ампутавалі нагу пасьля выбуху сьвятлашумавой гранаты