Беларуская каманда ў эстафэце 4×400 м, куды хацелі паставіць Ціманоўскую, заняла апошняе месца на Алімпіядзе

Удзельніца эстафэты Эльвіра Герман.

Беларуская каманда лёгкаатлетак, зь якой выгналі Крысьціну Ціманоўскую, прабегла эстафэту 4×400 на Алімпіядзе ў Токіё.

Беларускі фінішавалі з найгоршым вынікам у агульным заліку дысцыпліны. Каманда Багамскіх астравоў ня скончыла свой забег, таму беларускі сталі апошнімі з тых, хто дабраўся да фінішу. У сваім паўфінальным забегу зборная Беларусі адстала ад перадапошняга месца, якое заняла каманда Італіі, больш як на 5 сэкундаў.

За зборную Беларусі беглі Юлія Блізьнец, Эльвіра Герман, Аляксандра Хільмановіч і Астэрыя Лімаі. Адзначым, што для Герман, напрыклад, гэта ня профільная дыстанцыя, яна спрынтарка, якая пераважна бегае на дыстанцыю 100 мэтраў з бар’ерамі.

Склад эстафэтнай каманды на дыстанцыі 4×400 мэтраў быў зьменены амаль цалкам. Марыю Жодзік, Ганну Міхайлаву і Крысьціну Мулярчык не дапусьцілі да эстафэты з прычыны недастатковай колькасьці допінг-пробаў. Жодзік абвінаваціла ў гэтым Беларускую фэдэрацыю лёгкай атлетыкі. Адно з вакантных месцаў хацелі заняць Крысьцінай Ціманоўскай, але тая адмовілася, заявіўшы, што ніколі ня бегала такую дыстанцыю, больш за тое — рыхтуецца да профільных відаў, бегу на 100 і 200 мэтраў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ад прызначэньня сьцяганосцаў да выбару формы». Да чаго прыводзіць умяшаньне Лукашэнкі ў спорт і якія будуць санкцыі МАК
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці варта заўзець за спартоўцаў — прыхільнікаў Лукашэнкі? Дыскусія экспэртаў