Марыя Калесьнікава з-за кратаў: «Зло ня мае над намі сілы, мы ўсе зьмяніліся, і гэта назаўжды»

Жаночая акцыя ў Менску, 13 жніўня 2020

13 жніўня 2020 году жанчыны па ўсёй Беларусі выйшлі на вуліцы, каб выказаць нязгоду зь несправядлівасьцю і гвалтам. Іх голас зьмяніў рух пратэсту. У гэты дзень судзяць знакавую асобу прэзыдэнцкай кампаніі — Марыю Калесьнікаву. Вось што яна перадае беларусам з-за кратаў.

«Беларусь — вельмі патрыярхальная краіна, і голас жанчын сапраўды быў ня чутны да 2020 году. Але мы перасталі маўчаць і пакорна згаджацца з тым, што робяць з намі ўлады. Год таму разам, узяўшыся за рукі, мы ўзьнялі нашы звонкія галасы над жахам і болем, якія абрынуліся на Беларусь. Мы ўбачылі, як нас шмат, якія мы розныя. Але мы хацелі аднаго: каб улада нас пачула і перастала зьневажаць, абражаць і зьдзекавацца», — цытуе Марыю Калесьнікаву «Наша Ніва».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менску ў закрытым працэсе судзяць палітвязьняў Марыю Калесьнікаву і Максіма Знака

Па яе словах, самым складаным за прамінулы год было даведацца, як шмат людзей пакутуюць.

«Тыя, хто ў турме, тыя, хто на волі, і тыя, каму давялося пакінуць Беларусь, — пералічвае яна. — Бо цяпер дрэнна ўсім, улада як ніколі моцна б’е па грамадзтве, выпальвае самае лепшае, што ў нас ёсьць, нянавісьць рэжыму да свайго народу толькі расьце».

А самым пазытыўным момантам Марыя Калесьнікава называе разуменьне, што беларусы — усё гэтак жа «неверагодныя».

«Цяпер мы ведаем гэта дакладна. Нягледзячы на боль, страх і гвалт, мы захавалі нашы каштоўнасьці. У кожным з нас так шмат дабра, сьвятла і любові, што любое зло над намі ня мае сілы».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Калесьнікава ў інтэрвію перад судом: «Лукашэнка забыўся, што жыць яму ня з Пуціным»

Марыя Калесьнікава кажа, што за кратамі яна ўвесь час адчувае калясальную падтрымку.

«Тое, што мы перажылі, нас вельмі зьмяніла. Мы як народ выкрышталізавалі нашы каштоўнасьці: пачуцьцё ўласнай годнасьці, самапавагі, дабро і любоў. Мы ўсе зьмяніліся, і гэта назаўжды».

Пасяджэньне ў справе чальцоў штабу экс-кандыдата ў прэзыдэнты Віктара Бабарыкі, сябраў Каардынацыйнай рады Марыі Калесьнікавай і адваката Максіма Знака пачалося ў судзе Менскага раёну Менску 4 жніўня. Працэс ідзе ў закрытым рэжыме.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Інтэрвію з палітвязьнем Максімам Знакам: «Ніхто ня мог прадказаць маштабы і асымэтрыю рэпрэсій»

Марыя Калесьнікава і Максім Знак пад вартай зь верасьня 2020 году, яны абвінавачваюцца па некалькіх артыкулах Крымінальнага кодэксу: «заклікі да дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь», «змова з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам», «стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня і кіраваньне ім».

Абаім пагражае да 12 гадоў пазбаўленьня волі, праваабарончыя арганізацыі прызналі іх палітычнымі вязьнямі.