«Талібан» атачыў Кабул

Жыхары хаваюцца ў адным з паркаў Кабулу, 13 жніўня 2021 году

Усе найбуйнейшыя гарады Аўганістану, апрача сталіцы — пад кантролем талібаў.

Работнікі дзяржаўных устаноў у Кабуле пачалі пасьпешліва пакідаць працоўныя месцы, у горадзе нарастае паніка, піша StarTribune.

Агенцтва Associated Press са спасылкай на суразмоўцаў з дзяржаўных органаў паведаміла, што байцы знаходзіліся ў раёнах Калакан, Карабах і Пагман у сталіцы краіны.

Як піша StarTribune, самі баевікі пакуль не прызнаюць іх узяцьця, хоць раней яны ўвайшлі ў Джалалабад, горад каля буйнога памежнага пераходу з Пакістанам, які заставаўся апошнім, апрача Кабулу, які знаходзіўся не пад іх кантролем.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Талібы ўзялі Мазары-Шарыф на поўначы Афганістану. З буйных гарадоў у руках ўраду застаецца толькі Кабул

На дадзены момант «Талібан» гаворыць, што не зьбіраецца браць Кабул сілай, хаця ў сталіцы чуюцца паасобныя стрэлы. Баевікі канцэнтруюцца каля горада.

«Нічыё жыцьцё, маёмасьць і годнасьць ня будуць пашкоджаны, і жыцьцё грамадзян Кабулу ня будзе пад пагрозай», - гаворыцца ў заяве талібаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хто такія талібы, хто імі кіруе і як яны дзейнічаюць. Тлумачым дэталі

Раней урады ЗША і Чэхіі пацьвердзілі, што плянуюць эвакуацыю дыпляматычных місій з Аўганістану.

Тысячы мірных жыхароў перайшлі са сваіх дамоў у паркі і ў іншыя адкрытыя прасторы Кабулу, баючыся за жыцьцё сябе і блізкіх. У сталіцы шматлікія банкаматы спынілі выдачу гатоўкі пасьля таго, як каля іх сабраліся доўгія чэргі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Талібан узяў пад кантроль Газьні, Герат і Кандагар і адмовіўся ад прапановы аб сумесным кіраваньні краінай

Крыніцы паведамляюць, што прэзыдэнт Аўганістану Ашраф Гані застаўся фактычна без падтрымкі ўрадавых войскаў. Аднак спэцслужбы заяўляюць пра тое, што сытуацыя знаходзіцца ў іх пад кантролем. У сваёй суботняй прамове да нацыі Гані заклікаў народ ня здаць дасягненьні апошніх 20 гадоў.

У Кабуле зараз застаюцца сотні тысяч аўганцаў, якія ўцяклі зь іншых рэгіёнаў краіны, захопленых талібамі. Раней амэрыканскія спэцыялісты заяўлялі, што Кабул пры цяперашнім разьвіцьці падзей можа быць захоплены ў тэрмін ад 30 да 90 дзён.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Талібы занялі буйны горад за 70 кілямэтраў ад Кабулу. Генсек ААН Гутэрыш заявіў пра ваенныя злачынствы Талібану