Прэзыдэнт Афганістану прызнаў перамогу талібаў і заявіў пра іх адказнасьць перад краінай

Ашраф Гані

Ашраф Гані, які пакінуў краіну перад прыходам талібаў у Кабул, лічыць, што «Талібан» павінен скласьці дакладны плян кіраваньня краінай, паколькі шэраг плямёнаў у краіне ня ўпэўненыя ў будучыні. Зьявілася інфармацыя пра подкуп талібамі вайскоўцаў і чыноўнікаў.

«Талібы выйгралі спрэчку мяча і зброі, і цяпер яны адказныя за абарону гонару, багацьця і самапавагі землякоў», — напісаў Гані ў фэйсбуку.

Пры гэтым ён падкрэсьліў, што ўлада сама па сабе не паказвае легітымнасьці, і талібам неабходна здаць «гістарычны тэст, абараніўшы імя і гонар Афганістану». Многія людзі і плямёны, на думку Гані, ня маюць упэўненасьці ў будучыні, яна здаецца ім ненадзейнай.

Ён дадаў, што талібам давядзецца прыкласьці намаганьні, каб заваяваць давер жыхароў краіны. Гані спадзяецца, што «Талібан» складзе зразумелы плян кіраваньня краінай і пераканае ў яго правільнасьці народ.

Ашраф Гані патлумачыў свае ўцёкі з Афганістану тым, што не хацеў, каб пралівалася кроў. На яго думку, дабраахвотная адстаўка і вылет з краіны дапамаглі пазьбегнуць разаніны ў Кабуле.

Талібы зноў прыходзяць да ўлады ў Афганістане. ФОТАГАЛЕРЭЯ

Тым часам Дзярждэпартамэнт ЗША і Пэнтагон у сумеснай заяве паведамілі, што павялічаць колькасьць амэрыканскіх вайскоўцаў у Афганістане да 6000 у наступныя 48 гадзін. Гэта зробяць для апэратыўнай эвакуацыі чальцоў амэрыканскай дыпляматычнай місіі, іх сямейнікаў, іншых грамадзян ЗША, а таксама аўганцаў, якія супрацоўнічалі з амэрыканскімі арганізацыямі краіны.

Газэта The Washington Post са спасылкай на свае крыніцы напісала, што з пачатку 2020 году талібы таемна дамаўляліся з супрацоўнікамі сіл бясьпекі Афганістану аб тым, каб тыя за плату аддавалі ўзбраеньне, здаваліся або дэзэртавалі. Таксама негалосныя дамовы заключаліся з кіраўнікамі аўганскіх правінцый і іншымі чыноўнікамі.

У публікацыі канстатуецца, што гэтыя угоды дапамаглі талібам практычна без супраціву захапіць кантроль над шэрагам правінцый дзяржавы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусы з Афганістану могуць зьвярнуцца па дапамогу ў Таджыкістан
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хто такія талібы, хто імі кіруе і як яны дзейнічаюць. Тлумачым дэталі