Літоўскі генэрал назваў заявы беларускага боку пра пабіцьцё мігрантаў у Літве наўмыснай дыскрэдытацыяй

Літоўскія памежнікі робяць агароджу з калючага дроту на мяжы зь Беларусьсю, 9 ліпеня 2021 г.

Кіраўнік літоўскай памежнай службы генэрал Рустамас Любаевас на брыфінгу 17 жніўня абвінаваціў беларускі бок у спробах дыскрэдытаваць Літву.

Паводле Любаеваса, улады Беларусі наўмысна распаўсюджваюць ілжывую інфармацыю пра мігрантаў, якіх нібыта білі літоўскія памежнікі пры спробе незаконна перасекчы мяжу.

Літоўскі генэрал заявіў, што ў памежнай службе існуе сур’ёзная сыстэма ўнутранага кантролю і маніторынгу выкананьня правоў чалавека, якая робіць немагчымым такое пабіцьцё.

На тым жа брыфінгу літоўскі амбасадар у пытаньнях міграцыі Лінас Лінкявічус падкрэсьліў, што цяперашняя масавая міграцыя празь Беларусь у Літву не пачалася натуральным чынам, а ёсьць «гібрыднай агрэсіяй» з боку рэжыму Лукашэнкі. Паводле яго, рэжым выкарыстоўвае мігрантаў для ўнутрыпалітычных мэтаў, рызыкуючы іх жыцьцём і здароўем.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мэркель выказала Літве падтрымку ў пытаньні нелегальных мігрантаў з боку Беларусі

Лінкявічус дадаў, што цяперашняя хваля міграцыі пачалася пасьля гвалтоўнай пасадкі ў Беларусі самалёта Ryanair з Раманам Пратасевічам і наступных санкцый з боку Эўразьвязу. Ён згадаў заяву Аляксандра Лукашэнкі пра тое, што Беларусь больш ня будзе стрымліваць міграцыю. Паводле Лінкявічуса, некаторыя мігранты прызнаюць, што ім дапамагалі перайсьці мяжу беларускія памежнікі, звычайна ўначы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Літоўскія памежнікі паведамілі пра аўтаматныя стрэлы на тэрыторыі Беларусі