Жнівеньскі тыдзень 91-га. Дзень шосты: Сямдзянава ўносіць Сьцяг у Авальную залю, Украіна абвяшчае Незалежнасьць, Гарбачоў ужо не генсек

24 жніўня 1991 г. Пачатак Сэсіі Незалежнасьці. Гаворыць Зянон Пазьняк. Побач Валянцін Голубеў; са сьцягам Вольга Галубовіч.

Сем дзён жніўня 1991 году былі аднымі з самых крытычных у найноўшай гісторыі Беларусі. Пачалося са спробы асобных кіраўнікоў СССР умацаваць камуністычную імпэрыю — скончылася абвяшчэньнем незалежнасьці рэспублік.

Як гэта адбывалася? Хроніка падзеяў 24 жніўня 1991.

  • Перад пачаткам надзвычайнай сэсіі Вярхоўнага Савета БССР БНФ праводзіць мітынг; на плошчы зьбіраюцца некалькі тысяч чалавек.

Плякаты на плошчы, 24-25 жніўня 1991 г.

  • У пачатку сэсіі Вярхоўнага Савету дэпутат Апазыцыі БНФ Галіна Сямдзянава ўносіць ў Авальную залю бел-чырвона-белы сьцяг.

Галіна Сямдзянава ў Авальнай залі

  • Прымаецца рашэньне аб прамой тэле- і радыётрансьляцыі сэсіі.
  • Зянон Пазьняк пад імя Апазыцыі БНФ прапаноўвае ўключыць у парадак дня пытаньні «Аб наданьні канстытуцыйнага статусу Дэклярацыі „Аб дзяржаўным сувэрэнітэце Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі“.

Выступае Валянцін Голубеў, 1991

  • Дэпутат Апазыцыі Валянцін Голубеў абгрунтоўвае неабходнасьць наданьня Дэклярацыі аб сувэрэнітэце статусу канстытуцыйнай сілы (што дэ-юрэ азначае абвяшчэньне Незалежнасьці).

  • Станіслаў Шушкевіч не пагаджаецца: „Паважаны Валянцін Фёдаравіч! Вы мяне прабачце, я рэдка ўжываю слова „нонсэнс“, а часьцей ужываю беларускае слова „бязглузьдзіца“. Дык вы, прабачце, на грані бязглузьдзіцы. Наданьне канстытуцыйнага статусу Дэклярацыі БССР — гэта пярэчыць самой Дэклярацыі“.
  • Прапановае ставіцца на галасаваньне. За ўключэньне ў парадак дня пытаньня аб Незалежнасьці галасуе 161 дэпутат (трэба 174). Прапанова Апазыцыі БНФ не прымаецца.
  • У сваім выступе старшыня ВС БССР Мікалай Дземянцей заяўляе, што ў БССР у дні путчу ўсё было паводле Канстытуцыі, і што яму і членам дэлегацыі на падпісаньне Саюзнай дамовы давялося вытрымаць „пагрозы і шантаж“ з боку лідэраў апазыцыі.

Члены Прэзыдыюму ВС БССР у Авальнай залі. Аляксандар Сасноў, Васіль Шаладонаў, Мікалай Дземянцей, Станіслаў Шушкевіч, Уладзімер Леўчык. 1991 г.

  • Альфонс Цішкевіч, старшыня Менскага аблвыканкаму: Сёньня ясна бачна, што той-сёй хоча скарыстаць перамогу дэмакратыі ў сваіх мэтах, вельмі далёкіх ад сапраўдных інтарэсаў нашага грамадзтва, беларускага народу.
  • Анатоль Кастэнка, генэрал-палкоўнік, камандуючы БВА: Путч захлынуўся там, дзе ён пачаўся, і эскаляцыя яго была выключаная і не дапушчаная. Я перакананы, што ў рэспубліцы павінна быць свая нацыянальная гвардыя.
  • Генадзь Майсееў, дэпутат Апазыцыі БНФ: Прапаную канкрэтна і прашу запісаць — дэпартызацыя ўсіх структураў рэспублікі, нацыяналізацыя будынку ЦК КПБ, Дома палітасьветы і ўсёй маёмасьці, разьмеркаваньне гэтай маёмасьці ўжо пэўнай камісіяй паміж усімі партыямі, якія сёньня будуць афіцыйна зарэгістраваныя...
  • Віктар Ганчар: Крызіс паказаў, што партыя і ў прыватнасьці КПБ як структурнае падразьдзяленьне КПСС, зьяўляецца магутнай дзяржаўнай структурай, якой належыць усё: і правахоўчыя органы, і войска, і сродкі масавай інфармацыі. Калі неадкладна на гэтай сэсіі не прыняць рашэньня аб дэпартызацыі, пачнецца ўнізе масавы стыхійны пратэст. Гэта рэальнасьць.

Барыс Гюнтэр на мітынгу ў жніўні 1991 г.

  • Барыс Гюнтэр, Апазыцыя БНФ: Зьвярніце ўвагу на «Советскую Белоруссию», орган ЦК КПБ. 22 жніўня. Хунта арыштаваная, але «Советская Белоруссия» дае матэрыялы, пратакол нумар 3 і іншыя дакумэнты гэтай хунты. Гэта зрабіла і газэта «Звязда»...
  • Анатоль Зеляноўскі, сакратар ЦК КПБ: Антыкамуністычны псыхоз, учынены сёньня парлямэнцкай Апазыцыяй БНФ у Вярхоўным Савеце нашай рэспублікі, назваць дэмакратыяй ніяк нельга. У перапынку сэсіі натоўпам на плошчы быў абражаны, прыніжаны і падвергнуты фізычнаму гвалту народны дэпутат БССР, сакратар ЦК кампартыі Беларусі Ціхіня Валер Гур’евіч, які вымушаны быў зьвярнуцца па хуткую дапамогу ў паліклініку...

Belarus - USSR collaps

  • Сяргей Навумчык, дэпутат Апазыцыі БНФ : Да Валерыя Гур’евіча Ціхіні не было зроблена ніякіх спроб фізычнага ўзьдзеяньня... ён быў ачэплены колам і абпляваны ў літаральным сэнсе.... Народ вывады зрабіў, але, відаць, мы тут вывадаў ня зробім, таму адзінае нармальнае выйсьце з гэтай сытуацыі — гэта роспуск гэтага Вярхоўнага Савету, дэпартызацыя ўсіх структур і новыя выбары. Інакш народ наш будзе каціцца ў бездань».

Зянон Пазьняк, .жнівень 1991 г

  • Зянон Пазьнк, старшыня Апазыцыі БНФ: Пакуль Беларусь ня будзе мець сродкаў для абароны свайго народу, сваёй дзяржавы, ні аб якой свабодзе і ні аб якім сувэрэнітэце ня можа быць і гаворкі. З намі ніколі ня будуць лічыцца ні таталітарызм, ні таталітарны і агрэсіўны Савецкі Саюз, ні маладая імпэрская Расея, што адраджаецца ў форме дэмакратыі... Беларусі патрэбна беларускае нацыянальнае войска, дзяржаўная сыстэма нацыянальнай бясьпекі, структура аховы краю і грамадзтва. Беларусі патрэбны поўны і рэальны, а не дэкляраваны, сувэрэнітэт. І першым крокам да яго павінна стаць неадкладнае наданьне Дэклярацыі аб дзяржаўнай незалежнасьці Беларускай ССР статусу канстытуцыйнага закона.
  • У Маскве, у сваім крамлёўскім кабінэце забівае сябе маршал Савецкага Саюзу Сяргей Ахрамееў — у перадсьмяротным лісьце да Гарбачова ён раскайваецца, што, зьвязаўшыся з путчыстамі, парушыў прысягу.
  • Міхаіл Гарбачоў складае зь сябе абавязкі генэральнага сакратара ЦК КПСС і заклікае кампартыю самараспусьціцца.
  • У Маскве адбываецца пахаваньне загінулых у ноч з 20 на 21 жніўня Дзьмітрыя Комара, Ільлі Крычэўскага і Дзьмітрыя Вусава.

Барыс Ельцын выступае на пахаваньні трох загіблых падчас путчу, 24 жніўня 1991

  • Вярхоўная Рада Ўкраіны прымае Акт аб Незалежнасьці.

Людзі падкідаюць на руках дэпутата Вярхоўнай Рады Леўка Лукьяненку пасьля абвяшчэньня незалежнасьці Ўкраіны, Кіеў, 24 жніўня 1991

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівеньскі тыдзень 91-га. Дзень першы: Ельцын у Маскве, а Пазьняк у Менску заклікаюць да супраціву
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівеньскі тыдзень 91-га. Дзень другі: дэпутаты БНФ праводзяць мітынг, шахтары Салігорску заяўляюць пра страйк
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівеньскі тыдзень 91-га. Дзень трэці: путч правальваецца, Дземянцей баіцца, што павесяць «на вяроўцы бяз мыла», Гарбачоў вяртаецца ў Маскву
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівеньскі тыдзень 91-га. Дзень чацьверты: Апазыцыя БНФ дамагаецца скліканьня сэсіі ВС, у Маскве дэмантуюць помнік Дзяржынскаму
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівеньскі тыдзень 91-га. Дзень пяты: дэпутаты БНФ у прамым тэлеээфіры заклікаюць прыйсьці на Плошчу і патрабаваць Незалежнасьці

Гл. таксама: Сяргей Навумчык, "Дзевяноста першы", Бібліятэка Свабоды, 2-е выданьне.