«Цёмныя справы робяцца за замкнёнымі дзьвярыма». Леанід Судаленка пра закрыты суд над ім і калегамі

Праваабаронца Леанід Судаленка, архіўнае фота

Суд Цэнтральнага раёну Гомля 3 верасьня пачаў разгляд справы праваабаронцы «Вясны» Леаніда Судаленкі і валянтэрак арганізацыі Тацяны Ласіцы і Марыі Тарасенкі.

Усіх вінавацяць у арганізацыі і падрыхтоўцы дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак (ч. 1 арт. 342 КК), у фінансаваньні або матэрыяльным забесьпячэньні такіх дзеяньняў (ч. 2 арт. 342 КК).

«Гомельская Вясна» апублікавала вытрымкі зь лістоў палітзьняволенага праваабаронцы Леаніда Судаленкі да актывіста Васіля Палякова, дзе ён расказаў, што адбываецца на закрытым працэсе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Суд супраць праваабаронцы Леаніда Судаленкі і ягоных памочніц зрабілі закрытым

Судзьдзя Сяргей Салоўскі на хадайніцтва пракурораў Яўгена Фартушняка і Кірыла Вышнякова вынес пастанову, якой вызначыў праводзіць суд у закрытым пасяджэньні цягам усяго разьбіральніцтва.

Праваабаронца піша, што абскардзіў такое рашэньне, але ўсе спробы дамагчыся справядлівасьці адхіленыя.

«Цёмныя справы робяцца за замкнёнымі дзьвярымі, з гэтым не паспрачаесься. Я абскардзіў, патрабуючы публічнасьці. Агулам падаў дзевяць хадайніцтваў, якія суд пасьлядоўна адхіліў. Два зь іх — на паручальніцтва. Адметна, што аж тры гарадзкія пракуроры падтрымліваюць абвінавачаньне і сур’ёзна лічаць, што праваабарончая дзейнасьць у краіне незаконная», — адзначыў Леанід Судаленка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міжнародныя праваабарончыя арганізацыі пачалі кампанію за вызваленьне правабаронцаў «Вясны». Акцыі салідарнасьці ў сьвеце

Ён таксама расказаў, што ў першы ж дзень суду стала кепска Тацяне Ласіцы, ёй выклікалі хуткую дапамогу. Толькі пасьля выходных працэс працягнулі, дапытваюць ажно 61 сьведку.

«Нудна, руціна. 97% тамоў — ні пра што. Разьбіраюць пікеты 2019 году Марыі Тарасенкі супраць дэкрэта аб дармаедах. Яшчэ крыху і да выбараў-2010 вернуцца. Але вырак ужо чытаецца. Мяркуючы, як працэс ідзе, судзьдзя шкадуе, што няма дзе разгуляцца. Дзяўчат, думаю, вызваляць. Тацяне яшчэ паўгоду давядзецца пасядзець. Па Марыі — інтрыга. Другая частка — арышт. У мяне максымальны тэрмін — мінус пару месяцаў на дзіцёнка. Значыць, „дэмбель“ — вясна 2023-га. А там па сытуацыі», — робіць папярэдні расклад Леанід Судаленка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Суд паставіць знак роўнасьці паміж гуманітарнай дапамогай і злачынствам?» — Леанід Судаленка піша пра сваю справу

23 верасьня Леаніду Судаленку споўніцца 55 гадоў. Павіншаваць яго можна паштоўкаміі і лістамі па адрасе: СІЗА-3, 246003, Гомель, вул. Кніжная, 1А
Леаніду Леанідавічу Судаленку.