Навальны стаў ляўрэатам польскай прэміі «Рыцар свабоды». Раней яе атрымаў беларус

Аляксей Навальны

Расейскі апазыцыйны палітык Аляксей Навальны стаў ляўрэатам польскай прэміі «Рыцар свабоды», якую арганізуе Фонд імя Казіміра Пулаўскага.

Гэтая прэмія ўручаецца з 2005 года людзям, якія ўнесьлі значны ўклад у прасоўваньне дэмакратыі, свабоды і роўнасьці ў сьвеце.

Акрамя Навальнага прэмію ў розныя гады атрымлівалі былы прэзыдэнт Польшчы Лех Валэнса, былы генэральны сакратар NATO Хаўер Салана, былая вярхоўны камісар ААН па правах чалавека Мэры Робінсан, а таксама кіраўнікі краін Балтыі. У 2007 годзе ляўрэатам прэміі стаў былы кандыдат у прэзыдэнты Беларусі Аляксандар Мілінкевіч. Адзіным расейцам, якому ўручалася ўзнагарода да Навальнага, быў Міхаіл Хадаркоўскі.

Цырымонія ўручэньня прэміі заплянавана на 5 кастрычніка ў Варшаве. Замест зьняволенага Навальнага ўзнагароду атрымаюць яго паплечнікі Леанід Волкаў і Уладзімір Мілоў.

Раней у гэтым годзе Аляксей Навальны стаў ляўрэатам прэмій фонду Барыса Нямцова і Жэнэўскага форуму па правах чалавека.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Другі дзень запар у Польшчы фіксуюць рэкордную колькасьць спробаў парушэньня мяжы