Юрыя Чыжа пакінулі пад вартай, суд не задаволіў ягонай скаргі

Зруйнаваная бізнэс-імпэрыя Юрыя Чыжа, каляж

Суд Цэнтральнага раёну Менску 11 кастрычніка разгледзеў скаргу на затрыманьне, узяцьце пад варту, падаўжэньне тэрміну ўтрыманьня пад вартай і хатнім арыштам, а таксама на прымусовае зьмяшчэньне ў судова-псыханэўралягічны стацыянар, якія падаў Юры Чыж.

Разглядаць скаргу прызначылі судзьдзю Вікторыю Шабуню, працэс быў закрытым. Такім чынам упершыню афіцыйна пацвердзілі арышт вядомага бізнэсоўца — інфармацыя пра паседжаньне зьявілася на сайце Вярхоўнага суду. Да гэтага часу інфармацыя пра затрыманьне Юрыя Чыжа была негалоснай — у сакавіку сілавікі прыходзілі ў зьвязаныя зь ім кампаніі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зьняволенага бізнэсоўца Чыжа накіравалі на псыхіятрычную экспэртызу

Як патлумачыў Reform.by адвакат Міхаіл Баднарчук, звычайна ў раскладзе пішуць канкрэтную падставу скаргі: «на затрыманьне», «на ўзяцьце пад варту» і г.д. Але фармулёўка ў выпадку зь Юрыем Чыжом азначае, што ў пададзенай скарзе названыя ўсе пералічаныя факты.

У выніку суд разгледзеў скаргу і пакінуў сузаснавальніку кампаніі «Трайпл» ранейшую меру стрыманьня — узяцьце пад варту. Ці будуць яшчэ працэсы ў гэтай справе, пакуль невядома. Няма і згадкі пра вынікі судова-псыхіятрычнай экспэртызы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка запатрабаваў, каб былы «прыдворны алігарх» Чыж кампэнсаваў ільготы за шмат гадоў

Юрыя Чыжа ўжо затрымлівалі ў 2016 годзе праз падазрэньне ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Неўзабаве ён выйшаў на волю, у гэты ж час вялося сьледзтва ў дачыненьні да ягонага партнэра Ўладзімера Япрынцава.

Пазьней пачаўся падзел бізнэсу, вынікам чаго стала згортваньне шэрагу буйных праектаў групы кампаній. ТАА «Трайпл» знаходзіцца ў стадыі ліквідацыі.