Брэмэнскі ўнівэрсытэт спыніў супрацоўніцтва з адміністрацыяй БНТУ

Форум аднаго зь міжнародных праектаў Брэмэнскага ўнівэрсытэту, архіўнае фота

За рэпрэсіі студэнтаў і выкладчыкаў адміністрацыямі двух беларускіх унівэрсытэтаў нямецкая ВНУ адмовілася супрацоўнічаць зь імі.

У канцы ліпеня 2021 разам з Гётэ-інстытутам па рашэньні ўладаў спыніла дзейнасьць у Беларусі Нямецкая служба акадэмічных абменаў (DAAD). Адпаведна, закрыўся інфармацыйны цэнтар, які працаваў у БНТУ, піша Deutsche Welle.

У Брэмэнскім унівэрсытэце патлумачылі прычыны, чаму адмовіліся ад супрацы з БНТУ.

«З прычыны абмежаваньняў акадэмічнай свабоды і рэпрэсій у дачыненьні студэнтаў і навукоўцаў у Беларусі для супрацоўніцтва зь беларускімі дзяржаўнымі ўнівэрсытэтамі больш не існуе адзінай каштоўнаснай асновы», — заявіла прадстаўніца аддзелу камунікацый Сара Батэлка.

Нямецкі бок скасаваў з БНТУ пагадненьні аб сумеснай працы, якія прадугледжвалі акадэмічны абмен, правядзеньне канфэрэнцый і іншых праектаў, хаця ў апошнія гады гэтае супрацоўніцтва ўжо было ня надта шчыльным.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У ВНУ Літвы сёлета будзе навучацца менш студэнтаў зь Беларусі

Адзначаецца, што Брэмэнскі ўнівэрсытэт працягне аказваць пэрсанальную дапамогу пацярпелым ад рэпрэсій студэнтам і супрацоўнічаць зь незалежнымі аб’яднаньнямі. Беларусы змогуць наведваць онлайн-курсы і падаваць заяўкі ў гэтую нямецкую ВНУ.

Цяпер у Брэмэне думаюць над тым, каб спыніць супрацоўніцтва і зь іншым беларускім унівэрсытэтам, БДУ.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Звольненыя выкладчыкі, студэнты-ўцекачы і студэнты-вязьні. Як пратэсты 2020 году зьмянілі школы і ВНУ Беларусі ў 2021