У Маскве затрымалі беларуса, які быў у вышуку за «гвалт над амапаўцамі»

Сілавікі ў Гомлі, архіўнае фота

29 кастрычніка ў маскоўскім мэтро паліцыя затрымала жыхара Гомля Міхаіла Зубкова.

Яго спынілі для праверкі пашпарта, у выніку высьветлілася, што той знаходзіцца ў вышуку на патрабаваньне беларускіх уладаў. Цяпер Міхаіл Зубкоў у аддзяленьні паліцыі, паведамілі БелаПАН ягоныя сваякі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праваабаронцы паведамілі пра хвалю затрыманьняў за падпіску на «экстрэмісцкія» тэлеграм-каналы

У верасьні мінулага году Міхаіл Зубкоў удзельнічаў у гомельскім маршы пратэсту, яго затрымалі бацы АМАП. Актывіст правёў 15 сутак у ІЧУ, больш да яго прэтэнзій з боку міліцыі не было.

Пасьля гэтага мужчына паехаў на працу ў Маскву.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Гомельскі міліцэйскі начальнік «знаходзіцца пад сьледзтвам за перавышэньне абавязкаў», — крыніцы

«А сёлета ў жніўні прыйшла міліцыя — былі ператрусы, шукалі яго. Жонку выклікалі ў Сьледчы камітэт, паказалі фатаздымкі з маршу і патлумачылі, што Міхаіл падышоў да супрацоўніка АМАП „бліжэй, чым трэба“. Нібыта гатовы быў кінуцца на сілавіка», — расказалі агенцтву сваякі.

Паводле пярэдніх зьвестак, на Міхаіла Зубкова пачалі крымінальную справу за гвалт над супрацоўнікам міліцыі.