У атачэньні дзясяткаў землякоў у цэнтры Менску памёр мужчына зь Іраку

Мігранты, ілюстрацыйнае фота

У зоне фудкорту гандлёвага цэнтру «Галерэя» памёр іншаземец, паводле папярэдніх зьвестак гэта грамадзянін Іраку.

Сьведкі надзвычайнага здарэньня расказалі «Нашай Ніве», што мужчына сядзеў за сталом разам зь іншымі землякамі, якіх беларускія ўлады называюць «турыстамі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дэпутат Савіных пра мігрантаў: «Мы нічога зрабіць ня можам»

Раптам мужчына страціў прытомнасьць і зваліўся з крэсла. Яго спрабавалі вярнуць да жыцьця, але безвынікова. Праз некаторы час прыехалі супрацоўнікі міліцыі і накрылі цела курткамі.

Пазьней інфармацыю аб сьмерці іншаземца пацьвердзілі ў сталічных праваахоўных органах. Цяпер на месцы працуе група экспэртаў Сьледчага камітэту.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Польскія службы знайшлі ў рацэ цела 19-гадовага сырыйскага мігранта

Паводле папярэдняй інфармацыі мэдыкаў, сьмерць мужчыны наступіла ў выніку сардэчнага прыступу.

Тым часам каля «Галерэі» і ў іншых месцах у цэнтры гораду працягваюць заставацца дзясяткі іншаземцаў, часта яны тут цэлымі сем'ямі. Людзі сядзяць у кавярнях, гуртуюцца ля пераходаў, нават кідаюцца ў танцы, каб сагрэцца. Нягледзячы на тое, што іх называюць турыстамі, сталічнымі адметнасьцямі яны не цікавяцца.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На беларуска-польскай мяжы памёр 25-гадовы мігрант

Дагэтуль прыходзілі зьвесткі пра выпадкі сьмерцяў мігрантаў на розных участках мяжы Беларусі з краінамі Эўразьвязу — менавіта туды арганізаванымі групамі скіроўваюцца «турысты» зь Іраку, Ірану, Сырыі ды іншых краін блізкаўсходняга рэгіёну.

Як паведамляе памежная служба Польшчы, за мінулыя суткі толькі ў гэтым напрамку зафіксавана звыш 700 спробаў перасячэньня мяжы. За рэдкім выключэньнем усе ўцекачы разьвернутыя назад у Беларусь. Таксама мігранты масава ідуць у бок Літвы і Літвіі.