Марфу Рабкову абвінавацілі ў арганізацыі падпалу падатковай інспэкцыі ў 2017 годзе

Марфа Рабкова

Праваабаронцу Марфу Рабкову, якая зь верасьня 2020 году знаходзіцца ў СІЗА, абвінавацілі ў арганізацыі падпалу падатковай інспэкцыі Гомельскага раёну ў сакавіку 2017 году.

Паводле Сьледчага камітэту Беларусі, на які спасылаецца «Настоящее время», у рамках расьсьледаваньня крымінальнай справы па факце стварэньня і кіраўніцтва злачыннай арганізацыяй (часткі 1 і 2 артыкула 285) КК яны атрымалі «неабвержныя доказы» аб датычнасьці да гэтай арганізацыі чатырох удзельнікаў «масавых беспарадкаў» у Менску.

У прэс-рэлізе пазначаны толькі ўзрост падазраваных, імёны не называюцца. Размова, у прыватнасьці, ідзе пра 31-гадовага мужчыну і 26-гадовую дзяўчыну, якіх паказваюць як былых адміністратараў шэрагу інтэрнэт-рэсурсаў і тэлеграм-каналаў, прызнаных экстрэмісцкімі. Таксама гаворыцца аб іх датычнасьці да падпалу падатковай інспэкцыі Гомельскага раёну ў 2017 годзе з дапамогай «кактэйляў Молатава».

Your browser doesn’t support HTML5

Муж валянтэркі «Вясны» Марфы Рабковай пра сустрэчу ў турме

Па вэрсіі сьледзтва, гэтыя двое фігурантаў справы былі нібыта арганізатарамі падпалу: «знайшлі асоб і далі ім канкрэтныя ўказаньні па спосабе яго зьдзяйсьненьня». Naviny.by са спасылкай на тэлеграм-канал ГУБАЗіК МУС піша, што адным з кіраўнікоў арганізацыі сьледзтва лічыць Марфу Рабкову.

  • Праваабаронцу Марфу Рабкову затрымалі 17 верасьня 2021 году ў Менску. У дачыненьні да яе завялі крымінальную справу аб «навучаньні або іншай падрыхтоўцы асоб да масавых беспарадкаў». У лютым сёлета супраць яе распачалі крымінальную справу аб удзеле ў злачыннай арганізацыі (частка 2 артыкула 285 КК) і распальваньні варожасьці ў дачыненьні да іншай сацыяльнай групы, учыненае групай асобаў (частка 3 артыкула 130).
  • Марфа Рабкова — каардынатарка валянтэрскай службы праваабарончага цэнтру «Вясна». У арганізацыі лічаць, што Марфа зазнае рэпрэсіі выключна за сваю негвалтоўную дзейнасьць па абароне правоў чалавека. Напады і абвінавачаньні супраць яе праваабаронцы раней назвалі працягам рэпрэсіўных дзеяньняў у дачыненьні да праваабарончай супольнасьці краіны.
  • ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Amnesty International пачала кампанію ў падтрымку зьняволенай праваабаронцы Марфы Рабковай
    ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Спэцдакладчыца ААН: Не хапае слоў, каб апісаць рэпрэсіі ў Беларусі