Адміністрацыя ЗША замовіла «мільёны доз» таблетак ад COVID-19

Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн заявіў у пятніцу, што Злучаныя Штаты ўжо зрабілі замову на мільёны доз новага прэпарата — экспэрымэнтальных супрацьвірусных таблетак супраць COVID-19. Новыя лекі вырабленыя кампаніяй Pfizer, паведамляе Reuters.

Байдэн спадзяецца, што пасьля атрыманьня афіцыйнага дазволу на прымяненьне таблетак, тэрапія стане «яшчэ адным сродкам абароны людзей ад найгоршых ускладненьняў COVID-19».

Выпрабаваньні экспэрымэнтальнай супрацьвіруснай таблеткі вытворчасьці Pfizer Inc. супраць COVID-19 прадэманстравалі, што прэпарат на 89% зьніжае імавернасьць шпіталізацыі ці сьмерці дарослых людзей з рызыкай разьвіцьця цяжкага захворваньня, паведаміла ў пятніцу кампанія Pfizer.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Таблетка Pfizer ад COVID-19 паказала эфэктыўнасьць у 89%

Прэпарат пад назвай PAXLOVID зьніжае рызыку шпіталізацыі ці сьмерці ў сувязі з COVID-19, калі таблетка была прынята на працягу трох дзён пасьля пастаноўкі дыягназу.

Усяго ў дасьледаваньні прынялі ўдзел больш за 1200 дарослых, хворых на каранавірусную інфэкцыю ў лёгкай і сярэдняй ступені. У групе хворых, якія прымалі прэпарат, толькі 6 чалавек былі шпіталізаваны, сьмяротных зыходаў за 28 дзён не было зафіксавана. У групе, якая атрымлівала пляцэба, шпіталізавалі 41 чалавека, зь якіх пасьля памерлі 10 чалавек.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму вакцына не выклікае раку, не мяняе ДНК і не прыводзіць да заражэньня COVID-19. Міты аб прышчэпках ад каранавірусу