Другое выданьне кнігі Сяргея Навумчыка «Дзевяноста шосты». Электронная вэрсія

Другое выданьне кнігі Сяргея Навумчыка «Дзевяноста шосты»

У сэрыі «Бібліятэка Свабоды. XXI стагодзьдзе» другім выданьнем выйшла кніга Сяргея Навумчыка «Дзевяноста шосты», якая прысьвечаная аднаму з найбольш драматычных гадоў найноўшай гісторыі Беларусі.

Апошнія два месяцы на сайце Радыё Свабода публікаваліся асобныя фрагмэнты кнігі, сёньня Свабода публікуе на сваім сайце бясплатную PDF-вэрсію кнігі.

Спампаваць кнігу можна тут.

«У другім выданьні ўдакладненыя некаторыя дэталі, — кажа аўтар, — напрыклад, абставіны штурму штаб-кватэры БНФ 26 красавіка, калі КДБ не ўдалося захапіць Зянона Пазьняка, ці візыту Лукашэнкі ў Парыж, куды яго запрасілі нягледзячы на брутальныя разгоны масавых шэсьцяў і першых палітвязьняў. Французы спадзяваліся навучыць Лукашэнку дэмакратыі. І сапраўды, па вяртаньні ён пахваліў Канстытуцыю Францыі — яму спадабалася, што тэрмін прэзыдэнцтва яна тады вызначала ў сем гадоў, а ня ў пяць, як у Беларусі. І пасьля рэфэрэндуму адлік першага тэрміну свайго прэзыдэнцтва ён, як вядома, пачаў не з 1994, а з 1996».

Кнігі Сяргея Навумчыка ў сэрыі «Білібліятэка Свабоды XXI стагодзьдзя»

Сяргей Навумчык

Ашаламляльнае падарожжа ў будучыню, якая пакуль застаецца ў мінулым, вачыма ўдзельніка гістарычных падзей, дэпутата Вярхоўнага Савету Беларусі (1990–1995) Сяргея Навумчыка.

Дзевяноста першы

Гэта кніга пра тое, як дзякуючы спрыяльным абставінам і насуперак абставінам неспрыяльным у 1991 годзе Беларусь стала незалежнай.

Дзевяноста другі

Кніга пра год, калі быў забаронены рэфэрэндум аб датэрміновых выбарах у Вярхоўны Савет, пачатак драмы беларускай дэмакратыі.

Дзевяноста трэці

Ва ўсёй вастрыні ў Беларусі аднаўляецца барацьба ў парлямэнце за і супраць вайсковых саюзаў, за энэргетычную незалежнасьць і супраць увядзеньня прэзыдэнцтва. Кніга расказвае пра ашаламляльныя здабыткі і паразы нацыянальнага адраджэньня і дэмакратыі, галоўных дзейных асобаў і драматычныя наступствы іх выбару для свабоды.

Дзевяноста чацьверты

Як карнавал дэмакратыі ператварыўся ў хаўтуры. У новай кнізе аўтар, якому давялося быць удзельнікам і сьведкам падзеяў, апісвае першыя прэзыдэнцкія выбары.​

Дзевяноста пяты

Увага чытача канцэнтруецца на галоўнай (паводле аўтара) падзеі году — рэфэрэндуме 1995 году.