У Гішпаніі вырашылі караць за злачынствы пэрыяду франкізму

Дэмантаж апошняга помніка Франсіска Франка ў Гішпаніі. Мэлілья, 23 лютага 2021

Улады Гішпаніі дазволяць перасьледваць у судовым парадку — нягледзячы на абвешчаную ў 1977 годзе амністыю — тых, хто ўчыніў злачынствы супраць чалавечнасьці ў эпоху дыктатуры Франка.

У Гішпаніі будуць расьсьледавацца і карацца злачынствы супраць чалавечнасьці, генацыд і катаваньні, якія мелі месца ад 1936 да 1982 году — у пэрыяд грамадзянскай вайны, дыктатуры генэрала Франсіска Франка і ў пераходны пэрыяд ад дыктатуры да дэмакратыі. З гэтай мэтай зьмяняецца закон аб амністыі ад 1977 году, які здымаў адказнасьць за згаданыя дзеяньні.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Гішпанія афіцыйна асудзіла рэжым Франка і забараніла «любыя спробы апраўдваць ці хваліць франкісцкую дыктатуру»

Такое рашэньне кааліцыйнага ўраду, прадстаўленага Гішпанскай сацыялістычнай працоўнай партыяй, папулісцкай партыяй «Podemos» («Мы можам») і Камуністычнай партыяй Гішпаніі. Афіцыйнае тлумачэньне прынятага рашэньня — неабходнасьць прыраўнаваць гішпанскае заканадаўства да нормаў міжнароднага гуманітарнага права, у рамках якога падобныя злачынствы не падлягаюць прабачэньню ні па амністыі, ні па тэрміне даўнасьці.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Гішпаніі адбываецца перапахаваньне парэшткаў Франка