Акторы агучылі дзіцячыя вершы Андрэя Скурко, якія ён за кратамі напісаў для сына. Атрымалася аўдыёкніга

Андрэй Скурко, зьняволены журналіст

Беларуская рада культуры анансавала першую частку аўдыёкнігі вершаў паэта, рэдактара і палітвязьня Андрэя Скурко.

«Пра сланоў і барсучкоў для дзяўчат і хлапчукоў» — так называецца аўдыёкніга вершаў Андрэя Скурко. Вясёлыя вершы для добрых дзетак, напісаныя далёка, — з анатацыі да аўдыёкнігі паэта-палітвязьня.

Прэзэнтацыя аўдыёкнігі прызначаная на 19.00 23 сьнежня.

Андрэй Скурко піша за кратамі для свайго маленькага сына Тамашыка.

Турэмныя вершы Андрэя Скурко загучалі галасамі народных артыстаў Беларусі Зоі Белахвосьцік і Аляксандра Падабеда, актораў Ірыны Якавец і Арсеня Гардзіенкі. Усяго аўдыёкніга зьмяшчае 55 твораў, 10 зь якіх прэзэнтуюць 23 сьнежня. Пра падзею ўжо ведаюць у сям’і Андрэя Скурко.

«Нарэшце нешта сьветлае. У чацьвер выходзіць першая частка Андрэевай аўдыёкніжкі! Большасьць вершыкаў ён напісаў у турме. Вы гарантавана будзеце ўсьміхацца», — напісала на сваёй старонцы ў Facebook жонка палітвязьня Паўліна Скурко.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Амбасады Нямеччыны і Швэцыі падтрымалі беларускіх палітвязьняў перад Калядамі

Андрэя Скурко затрымалі 8 ліпеня 2021 году разам з рэдактарам «Нашай Нівы» Ягорам Марціновічам. Перш быў падазраваным паводле арт. 342 Крымінальнага кодэксу (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх).
Далей затрыманьне працягнулі ўжо паводле ч. 2 арт. 216 Крымінальнага кодэксу (нанясеньне маёмаснай шкоды без прыкмет раскраданьня).

12 ліпеня 2021 году Андрэя Скурко прызналі палітвязьнем. Цяпер ён знаходзіцца ў СІЗА № 1 Менску.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Літаратура з турмы. Андрэй Скурко: «Знаходзьце нагоды для радасьці і будзьце спакойныя за мяне»