«Ад закону нічога не засталося». Што адбылося з правам у Беларусі за год

Што стала за год з эканомікай, адукацыяй, бізнэсам ды іншымі важнымі для жыцьця беларусаў сфэрамі? Падсумоўваем разам з экспэртамі ў пяці выніковых інтэрвію. Гэтым разам гаворка аб праве.

Міхаіл Кірылюк

Ці працуюць у Беларусі законы, як можна ацаніць прызнаньне ўсёй незалежнай ад улады мэдыяпрасторы экстрэмісцкай і ці ўплывае на Беларусь міжнароднае права, разьбіраемся зь Міхаілам Кірылюком, адвакатам, якога пазбавілі ліцэнзіі ў Беларусі, прадстаўніком Каардынацыйнай рады і Народнага антыкрызіснага кіраўніцтва ў юрыдычных пытаньнях.

— Якія новыя ініцыятывы ўладаў у заканадаўстве найбольш уразілі?

— Выйшаў закон аб адказнасьці за заклікі да санкцый, і гэта вельмі паказальна. Дагэтуль улада Лукашэнкі спрабавала тлумачыць, што палітычных артыкулаў у Беларусі няма. Цяпер жа ўсе ўмоўнасьці адкінутыя ўбок. А гэта якраз яскравы прыклад палітычнага артыкула, які ўводзіцца для палітычнай барацьбы. Сюды ж адносяцца і законы аб экстрэмізьме, рэабілітацыі нацызму.

Відавочна, мяркуючы па рэакцыі грамадзтва, гэтыя артыкулы ўведзеныя для запалохваньня людзей. Па законе аб недапушчальнасьці рэабілітацыі нацызму яшчэ няма практыкі. Але ёсьць абгрунтаваньне, што нельга выкарыстоўваць бел-чырвона-белы сьцяг, выкарыстоўваць Пагоню. А для беларускага грамадзтва, відавочна, бел-чырвона-белы сьцяг і Пагоня асацыююцца не з нацыстамі, а з барацьбой супраць Лукашэнкі і за незалежнасьць Беларусі.

Відавочна палітычны перасьлед — гэта абвінавачаньні ў экстрэмізьме, прызнаньне часткі мэдыяпрасторы экстрэмісцкімі матэрыяламі, пад мільён чалавек патэнцыйна пад такі перасьлед трапляюць. Немагчыма ўявіць сабе краіну, дзе дзясятая частка насельніцтва — экстрэмісты. Гэта проста спроба палітычнай барацьбы супраць людзей, якія не падтрымліваюць палітыкі ўладаў.

— Ці засталося нешта са сфэры права ў Беларусі, дзе закон яшчэ працуе?

— Раней можна было заплюшчваць вочы, сыходзіць ва ўнутраную эміграцыю, бо былі нейкія сфэры, дзе закон працуе. Раней яны займалі больш за 50%, у такіх сфэрах можна было жыць і працаваць. Цяпер жа мы бачым, што ад закону нічога не засталося, сытуацыя перавярнулася. Цяпер практычна немагчыма жыць і не сутыкнуцца з парушэньнем сваіх правоў. Беларусь зрабіла вельмі шмат крокаў назад. Гэта адлюстравана ў індэксе ўплыву права на жыцьцё (Rule of Law Index). Беларусь у агульным рэйтынгу на 97 месцы (з 139), а ў катэгорыі выкананьня законаў урадам і ў тым, як законы ўплываюць на ўрад, Беларусь трэцяя з канца — 136 месца (з 139) за кошт 2020 году.

— Грандыёзныя тэрміны прысудзілі Сяргею Ціханоўскаму, Ігару Лосіку, Мікалаю Статкевічу. Як гэта ацэньваць з пункту гледжаньня права?

— Права рэгулюе жыцьцё ў грамадзтве, яно можа быць пісанае і непісанае. Права ў Беларусі ёсьць, але гэта права ўладаў на фізычную расправу, гэта не пісанае права, якое рэалізуецца праз квазысудовую практыку. Гэта адлюстраваньне таго, наколькі ўплывовымі яны ўспрымаюць гэтых людзей. Чым больш далі гадоў, тым больш рэжым бачыць пагрозу ў гэтых людзях.

Усе прыходзяць да высновы, што ў беларускай сытуацыі што 18 гадоў, што 36 — ня важна. Гэта будзе працягвацца да канца рэжыму Лукашэнкі. І ён спрабуе падняць цану ўтрыманьня сваёй улады. 10 гадоў таму яму ўдавалася патаргавацца з ЭЗ у пытаньні вызваленьня палітвязьняў. Цяпер яму гэта не ўдаецца, бо ёсьць канкрэтныя ўмовы: ня толькі вызваліць, але і пакараць злачынцаў і правесьці новыя выбары. Для Лукашэнкі гэта будзе азначаць канец ягонай улады, а ён ня можа з гэтым зьмірыцца, таму ён хапае больш людзей, арыштоўвае, дае большыя тэрміны, каб прадэманстраваць сваю ўпэўненасьць. Хоць чаго баяцца чалавеку, за якога нібыта прагаласавалі 85%? Проста бяруць закладнікаў.

— Ці ўплывае яшчэ на Беларусь міжнароднае права?

— Што зь міжнароднага права ўплывае дакладна, то гэта санкцыі. Гэта відаць і па рэакцыі Лукашэнкі. Калі б санкцыі не працавалі, не прымаліся б законы, якія забараняюць заклікі да іх. Не пускалі б мігрантаў на межы ў намеры зьмяніць санкцыйную палітыку шляхам шантажу. Калі нешта на цябе не ўплывае, ты на гэта не рэагуеш. Санкцыі будуць станавіцца больш жорсткімі.

— Наколькі прынятыя сёлета законы пагоршылі жыцьцё людзей?

— Права — гэта ня толькі законы, але і судовыя рашэньні. І якраз яны вельмі пагоршылі сытуацыю ў Беларусі. Кагосьці катуюць у турме, і нічога ня робіцца, ніхто не асуджае гэтага чалавека і не звальняе яго з пасады. Відавочна, зьмены паўплывалі і на рэпутацыю Беларусі ў сьвеце, успрыняцьце інвэстарамі. Рэпутацыя — гэта тое, што напрацоўваецца гадамі і страчваецца за хвіліну. Відавочна, такія рэчы, як атака іншаземцамі мяжы ЭЗ, паўплывалі на дыпляматычныя стасункі, на тое, як палякі цяпер успрымаюць беларускую ўладу.

— Як можна ацаніць працаздольнасьць беларускага заканадаўства на сёньня, ад 0 да 10?

— Заканадаўства варта ацэньваць з таго гледзішча, якую карысьць яно прыносіць грамадзтву. Ад беларускага права цяпер засталося 20%, якія рэгулююць прыватнае жыцьцё: шлюб, спадчына і іншыя дробныя рэчы. Дастаткова гэтага для жыцьця краіны? Не, недастаткова. Закон увогуле — гэта акт, які прыняты парлямэнтам. Той орган, які цяпер працуе ў Беларусі (Палата прадстаўнікоў), нельга назваць парлямэнтам. У парлямэнце павінны быць прадстаўнікі народу, абраныя на свабодных выбарах. А гледзячы па працы гэтых людзей, яны не прадстаўнікі народу. Беларусы цяпер вытрымліваюць максымальныя катаваньні з 1945 году, а ніхто з дэпутатаў ня выказаўся наконт гэтага. Замест гэтага яны прымаюць законы, якія пагаршаюць жыцьцё беларусаў. Да іх працы з пункту гледжаньня права можна ставіцца як да інструкцыяў ад узброеных людзей на часова акупаванай тэрыторыі.

— Многія параўноўваюць цяперашнія падзеі ў Беларусі з 1930-мі гадамі. Наколькі гэта падобна з пункту гледжаньня права?

— Мы не павінны самі сябе запужваць. У 1937 годзе людзі гінулі дзясяткамі тысяч. У нас усё ж не 1937 год. Пры гэтым у нас танчэй працуе прапаганда і працягвае запужваць людзей, і ў нечым людзі пужаюцца. У Беларусі імітацыя права, якая зроблена горш, чым у 1937 годзе. Тады людзей катавалі і прымушалі ў нечым прызнацца, але гэта былі адкрытыя судовыя працэсы. А цяпер, з пункту гледжаньня імітацыі права, усё зроблена грубей, менш людзей маюць ілюзію таго, што адбываецца на самой справе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Усе за ўсімі сочаць». Як за год зьмянілася беларуская адукацыя
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Поўная нестабільнасьць у краіне „стабільнасьці“». Што адбылося зь бізнэсам у Беларусі за год
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасьпяховы 2021-ы: што ўратавала беларускую эканоміку
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мэдыцына, культура, спорт, права. Як грамадзянская супольнасьць замяняла дзяржаву ў 2021-м