Нямеччына, Францыя, Вялікая Брытанія і ЗША абмеркавалі сытуацыю вакол Украіны

Міністры замежных спраў Нямеччыны, Францыі, Вялікай Брытаніі і ЗША абмеркавалі сытуацыю каля межаў Украіны і фармат маючага адбыцца дыялёгу з Расеяй, заявіў МЗС Нямеччыны ў Twitter.

Чатыры міністры таксама абмеркавалі апошні раўнд міжнародных перамоваў у Вене аб ядзернай праграме Ірану і магчымасьці праявы салідарнасьці зь Літвой у сувязі з нядаўнімі дзеяньнямі Кітаю, паведаміла нямецкае замежнапалітычнае ведамства.

«Яны абмеркавалі важнасьць працягу каардынацыі дзеяньняў для стрымліваньня далейшай расейскай агрэсіі ў дачыненьні да Ўкраіны і пацьвердзілі кансэнсус сярод саюзьнікаў і партнэраў у тым, што тычыцца маштабных наступстваў і сур’ёзных выдаткаў для Расеі за такія дзеяньні», — заявіў прадстаўнік Дзярждэпартамэнту Нэд Прайс, камэнтуючы перамовы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пуцін запрасіў тэлефонную размову з Байдэнам. Яна адбудзецца 30 сьнежня

«Яны пацьвердзілі непахісную падтрымку незалежнасьці, сувэрэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасьці Ўкраіны», — дадаў ён.

Таксама Прайс паведаміў, што міністры «падкрэсьлілі салідарнасьць зь Літвой ва ўмовах нарастаньня палітычнага ціску і эканамічнага прымусу з боку Кітайскай Народнай Рэспублікі і адпрэчылі гэтую практыку».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жузэп Бурэль: патрабаваньне Масквы спыніць пашырэньне NATO на ўсход непрымальнае

Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн і прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін плянуюць правесьці тэлефонную размову ў чацьвер, у той час як Вашынгтон і яго эўрапейскія саюзьнікі рыхтуюць агульны адказ на нарошчваньне расейскай вайсковай сілы на мяжы з Украінай.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: NATO перакідвае ў Нямеччыну брытанскую танкавую дывізію на фоне напружанасьці вакол Украіны