Белы дом: перамовы з Расеяй працягнуцца, нягледзячы на сытуацыю ў Казахстане

Прэс-сакратарка Белага дому Джэн Псакі.

У Дзярждэпартамэнце папярэдзілі, што ЗША будуць сачыць за парушэньнямі правоў чалавека ў ахопленай беспарадкамі цэнтральнаазіяцкай краіне.

Беспарадкі ў Казахстане не паўплываюць на пляны перамоваў краін-чальцоў NATO з Расеяй наконт сытуацыі вакол Украіны, якія пройдуць на наступным тыдні.

Агенцтва Reuters паведаміла аб гэтым са спасылкай на прэс-сакратарку Белага дому Джэн Псакі.

На наступным тыдні Злучаныя Штаты і іх эўрапейскія саюзьнікі правядуць тры раўнды перамоваў з удзелам Расеі. Яны пачнуцца з амэрыкана-расейскіх двухбаковых перамоваў у Жэнэве.

У чацьвер ЗША перасьцераглі расейскіх вайскоўцаў, дыслякаваных у Казахстане, у дачыненьні да магчымага ўстанаўленьня кантролю над дзяржаўнымі ўстановамі гэтай былой савецкай рэспублікі, заявіўшы, што сьвет будзе сачыць за парушэньнямі правоў чалавека ў Казахстане.

«Злучаныя Штаты і, шчыра кажучы, увесь сьвет будуць сачыць за любымі парушэньнямі правоў чалавека [у Казахстане]», — заявіў афіцыйны прадстаўнік Дзярждэпартамэнту Нэд Прайс. Пра гэта паведаміла агенцтва AFP. «Мы таксама будзем сачыць за любымі дзеяньнямі, якія прывесьці да захопу дзяржаўных інстытутаў у Казахстане», — дадаў Прайс.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ​​​​​​​«Пуцін баіцца паўстанцаў». Намесьніца дырэктара Цэнтру Эўразіі пра Казахстан і пляны расейскага ўварваньня ва Ўкраіну