Інтэрнэт-рэсурсы аб’яднаньня былых сілавікоў ByPol прызналі экстрэмісцкімі матэрыяламі

Эмблема аб’яднаньня былых сілавікоў ByPol

Такое рашэньне прыняў суд Чыгуначнага раёнe Гомля 12 студзеня, пра што паведаміў reform.by.

У Рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў унесьлі:

  • інтэрнэт-рэсурс bypol.org,
  • інтэрнэт-рэсурс «Адзіная кніга рэгістрацыі злачынстваў»,
  • старонка osb.bypol у Instagram,
  • старонка ByPol News у «Аднаклясьніках»,
  • Youtube-канал «ByPol — аб’яднаньне сілавікоў Беларусі».

Раней экстрэмісцкім прызналі тэлеграм-канал аб’яднаньня.

Акрамя таго, экстрэмісцкім фармаваньнем прызналі «групу грамадзян, абʼяднаных праз інтэрнэт-рэсурсы ByPol і мабілізацыйны плян «Перамога».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Дарагая і лепшая, чым у МУС». ByPol расказаў пра праграму распазнаваньня твараў сілавікоў
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ByPol: у МУС Беларусі будзе скарачэньне 50% цэнтральнага апарату і адстаўка Кубракова

Што такое ініцыятыва ByPol

У ініцыятыву ByPol уваходзяць былыя і цяперашнія працаўнікі сілавых структур, нязгодныя з гвалтам, фальсыфікацыямі і масавымі рэпрэсіямі, якія ўзмацніліся ў Беларусі пасьля выбараў 2020 году.

Згодна са справаздачай на тэлеграм-канале ByPol, унутраныя дакумэнты сілавых структур у офіс арганізацыі паступаюць штодня. Асаблівая ўвага надаецца супрацоўніцтву зь дзейнымі сілавікамі, якія сьвядома дапамагаюць апанэнтам рэжыму.

Як вынік, ByPol рэгулярна публікуе сакрэтныя ведамасныя ўказы і аўдыёзапісы перамоваў высокіх чыноў сілавога блёку (напрыклад, экс-старшыні КДБ Вадзіма Зайцава, былога начальніка ГУБАЗіК Мікалай Карпянкова ды іншых).

Iніцыятыва аб’ядноўвае былых беларускіх сілавікоў, уключна з супрацоўнікамі Камітэту дзяржбясьпекі, Апэратыўна-аналітычнага цэнтру, Службы бясьпекі прэзыдэнта ды іншых структураў.

У красавіку 2021 суд Чыгуначнага раёну Гомля прызнаў Telegram-канал ByPol экстрэмісцкім. 8 лістапада 2021 суд вызнаў ByPol і распрацаваны ініцыятывай мабілізацыйны плян «Перамога» «экстрэмісцкімі фармаваньнямі».

У чэрвені 2023 году ByPol раскалоўся, удзельнікі нутранога канфлікту паспрачаліся паміж сабой, у выніку спатрэбілася ўрэгуляваньне пры дапамозе АПК. Пасьля перамоваў бакоў з удзелам Сьвятланы Ціханоўскай ініцыятыва падзялілася на фонд ByPol і аб’яднаньне BelPol.

BelPol стаў праваўладальнікам «тэхнічных і інтэлектуальных магчымасьцяў і інструмэнтаў» першапачатковай арганізацыі. У сваю чаргу, фонд, які ўзначальвае Аляксандар Азараў, захаваў толькі юрыдычную назву ByPol і плян «Перамога».