Доктар Мартаў: афіцыйныя лічбы колькасьці хворых на COVID-19 увогуле нельга назваць статыстыкай

Ілюстрацыйнае фота

Былы загадчык аддзяленьня анэстэзіялёгіі і рэанімацыі Віцебскай лякарні хуткай дапамогі Ўладзімер Мартаў ня верыць інфармацыі, якую дае Міністэрства аховы здароўя ў студзені-лютым.

Мэдык адзначыў, што зь мінулага тыдня прыкметны выбухны рост колькасьці хворых, піша «Салідарнасьць».

«Такога ніколі яшчэ не было, а гэта ўжо пятая хваля. Гэта было відаць няўзброеным позіркам: па расказах сяброў, родных, калег-лекараў. Гэта было прыкметна і, адпаведна, міністэрства пачало мяняць лічбы», — сказаў Уладзімер Мартаў.

Ён нагадаў, што Міністэрства здароўя памяняла правілы дыягностыкі, дазволіўшы ставіць дыягназ COVID пры наяўнасьці клінічных і рэнтген-дадзеных без абавязковага ПЦР-тэсту.

«Лічбы міністэрства ніколі не супадалі зь лічбамі зь месцаў. Напрыклад, калі я яшчэ працаваў загадчыкам, аднойчы ў мяне было сем памерлых за дзень. Быў такі пэрыяд. А міністэрства падавала, што сем чалавек памерлі па краіне. Зразумела, што на нейкім этапе ўсе гэтыя лічбы карэктаваліся. Таму ніякага дачыненьня да статыстыкі гэтыя лічбы ня маюць. Гэта ўвогуле нельга назваць статыстыкай. Але тое, што яны адлюстравалі выбухны рост — так, адлюстравалі. Бо людзі бачаць, што адбываецца зь імі і іх атачэньнем».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Тых, хто выжыў пасьля ШВЛ, памятаю ўсіх». Падкаст доктара Мартава пра каранавірус у Беларусі

Паводлеінфармацыі, пададзенай 9 лютага Міністэрствам здароўя, у Беларусі за дзень зафіксавалі 8254 выпадкі каранавірусу, 15 чалавек памерлі, а за ўвесь час 6190 сьмяротных ахвяраў. Паводле незалежных мэдыкаў, насамрэч ахвяраў у некалькі разоў больш.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Міністэрстве аховы здароўя патлумачылі анамаліі ў сваёй статыстыцы па каранавірусу