Памёр гісторык і дзяяч габрэйскай грамады ў Беларусі Якаў Басін

Якаў Басін

У Ерусаліме ва ўзросьце 82 гадоў памёр Якаў Басін — лекар, гісторык, культуроляг, публіцыст і дзяяч габрэйскай грамады ў Беларусі.

Якаў Басін скончыў Менскі мэдычны інстытут, шмат гадоў працаваў лекарам, выдаў некалькі навуковых працаў у мэдыцыне.

У 1960-я быў адным з арганізатараў Менскага джаз-клюбу, аўтарам перадачаў па гісторыі джазу на Беларускім тэлебачаньні. Быў адным з заснавальнікаў Беларускага клюбу вясёлых і дасьціпных, другі прызэр чэмпіянату СССР (1967–1968).

З другой паловы 1980-х Якаў Басін займаўся праваабарончай і грамадзкай дзейнасьцю ў якасьці актывіста габрэйскай грамады ў Беларусі.

Ён быў сустаршынём Саюзу габрэйскіх грамадзкіх аб’яднаньняў і грамадаў Беларусі, кіраўніком менскай грамады прагрэсіўнага юдаізму. Аўтар дасьледаваньняў гісторыі беларускага габрэйства, удзельнік шматлікіх навуковых і грамадзкіх міжнародных канфэрэнцыяў. Узначальваў беларускае прадстаўніцтва амэрыканскай грамадзкай арганізацыі «Зьвяз камітэтаў у абарону былых савецкіх габрэяў».

Выступаў з пратэстамі супраць праяваў дзяржаўнага антысэмітызму, якія з другой паловы 90-х гадоў набылі ў Рэспубліцы Беларусі рэгулярны характар. Удзельнічаў у кангрэсах АБСЭ па барацьбе з ксэнафобіяй і антысэмітызмам.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Грамадзкі трыбунал над сталінізмам: частка другая

У 2015 годзе Якаў Басін браў удзел у першым Беларускім грамадзкім трыбунале над сталінізмам, які праводзілі міжнародная праваабарончая грамадзкая арганізацыя «Мэмарыял» разам з ініцыятывай «За ўратаваньне Курапатаў».

У 2020 і ў 2021 гадах ён падпісаў звароты вядомых выхадцаў зь Беларусі да былога прэм'ер-міністра Ізраілю Біньяміна Нэтаньягу, а затым і да кіраўніка МЗС Ізраілю Яіра Лапіда з заклікам выступіць ад імя дзяржавы Ізраіль супраць гвалту ў Рэспубліцы Беларусь і падтрымаць беларускі народ у барацьбе за свабоду і дэмакратыю.

У звароце да міністра Лапіда яго аўтары пісалі:

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Выхадцы зь Беларусі заклікалі кіраўніка МЗС Ізраілю выказацца пра беларускую сытуацыю

«Якая пазыцыя Ізраілю? Дэ-юрэ — нэўтралітэт. Пры гэтым амбасадар Ізраілю ў РБ Алекс Гольдман-Шайман удзельнічае ў праўладных мерапрыемствах, дае інтэрвію беларускім СМІ, дзе гаворыць аб разьвіцьці супрацоўніцтва. Амбасада Ізраілю дэ-факта дэманстратыўна падтрымлівае дыктатуру, што выклікае ўсеагульнае зьдзіўленьне і абурэньне, асабліва на фоне антысэміцкай рыторыкі прапагандыстаў рэжыму».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэта не падтрымка таго, што адбываецца». МЗС Ізраілю адказаў на крытыку за маўчаньне адносна падзеяў у Беларусі

У адказ на зварот міністар замежных спраў Ізраілю Яір Лапід заявіў, што «ёсьць прычыны», дзеля якіх Ізраіль устрымліваецца ад асуджэньня падзеяў у Беларусі, — найперш гэта «клопат аб габрэйскай супольнасьці, а таксама аб тых грамадзянах Ізраілю, зьвязаных з гэтай краінай сваімі каранямі, якія працягваюць яе наведваць. Важна ацэньваць агульную сытуацыю і пазьбягаць рэзкіх крокаў, якія толькі на імгненьне могуць палепшыць наш імідж, але ў пэрспэктыве могуць быць нам на шкоду».

Якаў Басін пахаваны на ерусалімскіх могілках у раёне Гіват Шауль, паведамляе newsru.co.il.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Едзе асфальтавы каток». Ізраільскі гісторык і журналіст пра антысэмітызм, даносы, пагрозы габрэйскім арганізацыям і рэакцыю Ізраілю
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: МЗС Ізраілю назвала непрымальнымі выказваньні Лукашэнкі пра Галакост
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ні слова пра ГУЛАГ і Галакост. Якія асноўныя падзеі найноўшай гісторыі вывучаюць 11-клясьнікі