Рада БНР запатрабавала неадкладнага вываду расейскіх войскаў зь Беларусі

Вайсковыя комплексы С-400 падчас вучэньняў «Саюзная рашучасьць — 2022»

Рада Беларускай Народнай Рэспублікі выступіла з заявай, у якой пацьвердзіла сваю пазыцыю адносна «недапушчальнасьці ўцягваньня Беларусі ў агрэсіўныя вонкавапалітычныя авантуры кіраўніцтва Расейскай Фэдэрацыі, у тым ліку і ў эскаляцыю напружанасьці вакол Украіны».

У сваёй заяве Рада БНР «зьвяртае ўвагу лідэраў ЗША, Канады, краінаў ЭЗ і Вялікае Брытаніі, што знаходжаньне расейскіх вайсковых падразьдзяленьняў на тэрыторыі Беларусі супярэчыць яе нацыянальным інтарэсам і зьяўляецца незаконным, паколькі прынятае нелегітымным кіраўніком».

Словы Аляксандра Лукашэнкі наконт магчымасьці пакінуць расейскія войскі на тэрыторыі Беларусі і пэрспэктываў прызнаньня «ЛНР» і «ДНР», на погляд Рады БНР, «выяўляюць ягоную поўную залежнасьць ад Крамля і ствараюць рэальную пагрозу яшчэ большай дэстабілізацыі ў рэгіёне».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэс-сакратар Пуціна і Мінабароны Расеі абверглі словы Лукашэнкі наконт расейскіх войскаў у Беларусі пасьля вучэньняў

«Рада БНР патрабуе неадкладнага вываду ўсіх расейскіх войскаў з тэрыторыі Беларусі. Рада заклікае беларускую дыяспару ва ўсім сьвеце давесьці да парлямэнтаў і ўрадаў, што беларускі народ, дзесяцігодзьдзямі пазбаўлены права свабоднага выбару, ня можа і не павінен несьці адказнасьць за дзеяньні ўзурпатара», — гаворыцца ў заяве.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рада БНР: Наш геапалітычны выбар не зь імпэрскай Расеяй, а з дэмакратычным Захадам
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У NATO заявілі, што павелічэньне прысутнасьці сіл альянсу ў Эўропе зьвязана зь беларуска-расейскімі вучэньнямі