Навіны палітвязьняў: Эдуарду Бабарыку працягнулі тэрмін утрыманьня пад вартай, Кабанаў малюе і піша апавяданьне з-за кратаў

Сьледчы ізалятар №1 ГУУС Менска, архіўнае фота

Паводле стану на 18 лютага беларускія праваабаронцы прызналі палітычнымі зьняволенымі 1062 чалавек. Свабода працягвае сачыць за лёсамі палітвязьняў.

Тэрмін пад вартай Эдуарда Бабарыкі падоўжылі яшчэ на два месяцы

Да 14 красавіка ён будзе знаходзіцца ў менскім СІЗА на вуліцы Валадарскага, калі гэтае рашэньне не адменяць, перадае тэлеграм-канал Віктара Бабарыкі.

Эдуарду Бабарыку, затрыманаму 18 чэрвеня 2020 году, некаторы час таму выставілі новыя абвінавачаньні. Яму пагражае да 20 гадоў пазбаўленьня волі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эдуарду Бабарыку выставілі новыя абвінавачаньні, яму пагражае да 20 гадоў няволі

Вярхоўны суд пакінуў у сіле прысуд палітвязьню Арцёму Баярскаму

18 лютага Вярхоўны суд разгледзеў апэляцыйную скаргу палітзьняволенага экс-студэнта Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту Арцёма Баярскага на прысуд Менскага гарадзкога суду.

Скаргу Арцёма разглядала судовая калегія пад старшынствам судзьдзі Андрэя Кавальчука. Прысуд пакінулі бязь зьменаў. Гэта значыць, што ў хуткім часе Арцёма этапуюць у калёнію адбываць пакараньне тэрмінам на пяць гадоў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Былога студэнта БДУ, які адмовіўся ад прэзыдэнцкай стыпэндыі, асудзілі на 5 год у калёніі ўзмоцненага рэжыму

Блогер Аляксандр Кабанаў рысуе і піша за кратамі

Сёньня праваабаронцы апублікавалі рысункі, якія палітзьняволены берасьцейскі блогер Аляксандар Кабанаў даслаў з-за кратаў. Таксама ў сваіх лістах ён паведаміў, што ў зьняволеньні шмат чытае, малюе і нават піша аповед. Аляксандра Кабанава затрымалі 15 чэрвеня 2020 года. Летась 14 красавіка яго асудзілі на 3 гады пазбаўленьня волі паводле ч. 1 арт. 342 і арт. 369 КК. Спачатку яго накіравалі ў наваполацкую калёнію № 1, а ў сьнежні Кабанава перавялі з калёніі на турэмны рэжым у магілёўскую «крытую» турму.

Раней у ПК Аляксандра пакаралі шасьцю месяцамі ПКТ за «сыстэматычныя парушэньні правілаў утрыманьня».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 113 гадоў турмы на 12 чалавек. Як рэжым Лукашэнкі адпомсьціў блогерам

З Астроўскай не праводзяць ніякіх сьледчых дзеяньняў

Валянтэрка Тацьцяна Астроўская, якая за кратамі ўжо 7 месяцаў, паведаміла аб адсутнасьці сьледчых дзеяньняў у сваёй справе.

Валанянтэрку фонду «Страна для жизни» Тацяну Астроўскую затрымалі летась 9 ліпеня. Цяпер жанчыну ўтрымліваюць на «Валадарцы». Ёй выставілі абвінавачаньні паводле арт. 361-2 КК (фінансаваньне дзейнасьці экстрэмісцкага фармаваньня).

У лісьце на волю ад 8 лютага яна піша, што ў справе нічога не адбываецца, а яе адваката пазбавілі ліцэнзіі. Аднак Астроўская стараецца ня страчваць настрою, паведамляюць праваабаронцы.

«Хутка вясна. Але гэта і ня вельмі радуе. У нас карціна не мяняецца ад слова „зусім“, мы вуліцу ня бачым, нават калі гуляем. Проста каляндарна — трэці сэзон у гэтым месцы. Так сабе прыемнасьць. Але я (і ня толькі) вельмі спадзяюся, што перад тым, як зьехаць на ўлоньне прыроды, вы не забудзецеся пра нас. Вясна ўсё ж блізка! Давайце радавацца разам! Тое, што добрых людзей больш, упэўненасьць не прайшла», — напісала ў сваім лісьце палітзьняволеная.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навіны палітвязьняў: 5 месяцаў няма лістоў ад журналіста Івашына, Белавус даслаў з-за кратаў новы верш