У ЭЗ пералічылі акты міжнароднага права, парушаныя Расеяй

Кіраўнік МЗС Расеі Сяргей Лаўроў і высокі прадстаўнік ЭЗ у вонкавай палітыцы і бясьпецы Жузэп Бурэль, Нью-Ёрк, верасень 2021 г.

Эўразьвяз цьвёрда асудзіў рашэньне прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна прызнаць незалежнасьць непадкантрольных ураду Ўкраіны раёнаў Данецкай і Луганскай абласьцей і адправіць туды свае войскі. Пра гэта гаворыцца ў заяве кіраўніка эўрапейскай дыпляматыі Жузэпа Бурэля.

«Гэты незаконны акт яшчэ больш падрывае сувэрэнітэт і незалежнасьць Украіны, а таксама ёсьць грубым парушэньнем міжнароднага права і міжнародных пагадненьняў, у тым ліку Статуту ААН, Хэльсынскага заключнага акту, Парыскай хартыі і Будапэшцкага мэмарандуму», — адзначаецца ў заяве.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Парлямэнт Украіны заклікаў іншыя дзяржавы не прызнаваць незалежнасьць «ЛНР» і «ДНР» і ўвесьці санкцыі супраць Расеі

Бурэль таксама ўдакладніў, што сваім рашэньнем прызнаць асобныя раёны Данбасу ў якасьці «незалежных дзяржаваў» Расея «адназначна парушыла Менскія пагадненьні, якія прадугледжваюць поўнае вяртаньне гэтых раёнаў пад кантроль ураду Ўкраіны».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зяленскі не выключае разрыву дыпляматычных адносін з Расеяй і ваеннага становішча

Такім чынам, падкрэсьліў Бурэль, Расея парушыла свае абавязкі ў «нармандзкім фармаце» і ў Трохбаковай кантактнай групе. «Гэта таксама парушэньне рэзалюцыі Рады Бясьпекі ААН 2202, якая патрабуе поўнага выкананьня Менскіх пагадненьняў», — гаворыцца ў заяве. Бурэль заклікаў Расею «як бок канфлікту» адмовіцца ад прызнаньня сэпаратысцкіх утварэньняў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «ЭЗ адрэагуе санкцыямі». Лідэры Эўразьвязу асудзілі рашэньне Масквы прызнаць так званыя «ЛНР» і «ДНР»