Байдэн абвясьціў пра новы пакет санкцый супраць Расеі

Джо Байдэн

Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн 24 лютага заявіў пра новы пакет амэрыканскіх санкцый супраць Расеі за яе напад на Ўкраіну.

Паводле Байдэна, новыя амэрыканскія санкцыі, узгодненыя зь лідэрамі G-7, будуць магутнымі і ў мінімальнай ступені спрычыняць шкоду ЗША і іх саюзьнікам.

Гаворачы пра новы санкцыйны пакет, Байдэн сказаў, сярод іншага:

  • ЗША і саюзьнікі маюць намер абмежаваць імпарт у Расею высокатэхналягічнай прадукцыі на 50 працэнтаў.
  • Захад абмяжуе магчымасці РФ весці апэрацыі ў цьвёрдай валюце: далярах, эўра, фунтах і енах.
  • Санкцыі ЗША закрануць бонды найбуйнейшых расейскіх дзяржаўных кампаніяў.
  • Санкцыі ЗША закрануць расейскую касьмічную праграму.
  • Санкцыі будуць уведзеныя супраць ВТБ і шэрагу іншых буйных расейскіх банкаў, актывы якіх будуць замарожаныя.

«Гэтыя [санкцыі] настолькі аслабяць яго (Пуціна. — РС) краіну, што яму давядзецца рабіць складаны выбар: ці стаць другараднай краінай, ці зрабіць адпаведны выбар», — сказаў Байдэн.

На пытаньне журналіста, чаму сярод новых санкцыяў няма адключэньня Расеі ад сыстэмы SWIFT, прэзыдэнт ЗША адказаў:

«Санкцыі, якія мы прапануем супраць расейскіх банкаў, маюць такія ж наступствы, як адключэньне ад SWIFT. Але заўсёды такі варыянт застаецца».

Раней пра новыя санкцыі супраць Расеі за яе ўварваньне ва Ўкраіну заявілі Вялікая Брытанія і Эўразьвяз.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эўразьвяз асудзіў удзел Беларусі ў расейскай агрэсіі супраць Украіны, узгадніў новы пакет санкцый
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Брытанскі прэм’ер абвясьціў пра санкцыі супраць Расеі і Беларусі