Кабінэт міністраў Украіны дэнансаваў шэраг дакумэнтаў аб супрацоўніцтве зь Беларусьсю ў галіне адукацыі і навукі

Брама будынку Кабінэту міністраў Украіны

Аднаму з разарваных пагадненьняў было амаль 30 гадоў. Украіна правяла дэнансацыю праз тое, што Рэспубліка Беларусь прадаставіла сваю тэрыторыю для расейскіх войскаў для ракетных удараў, перамяшчэньня вайскоўцаў і іх лячэньня.

Пастанову № 417 пра скасаваньне дзейнасьці шэрагу дакумэнтаў у адукацыйнай галіне зацьвердзіў 9 красавіка прэм’ер-міністар Дзяніс Шмыгаль.

У прыватнасьці прыпыніла дзеяньне міжурадавая дамова аб супрацоўніцтве ў галіне навукі і тэхналёгій, падпісаная 17 сьнежня 1992 году ў Кіеве.

Урад Украіны таксама нівэляваў дзеяньне міжурадавага пагадненьня аб узаемным прызнаньні і эквівалентнасьці дакумэнтаў аб адукацыі і навуковых званьнях, падпісанага 6 лютага 1998 году ў Менску.

Акрамя таго, больш ня дзейнічае пагадненьне паміж урадамі Ўкраіны і Беларусі аб супрацоўніцтве ў галіне атэстацыі навуковых і навукова-пэдагагічных кадраў вышэйшай кваліфікацыі, падпісанае 16 траўня 2000 году ў беларускай сталіцы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украіна прыпыніла дзеяньне пагадненьня зь Беларусьсю, якое прынялі амаль 30 гадоў таму для аблягчэньня гандлю

1 красавіка Кабінэт міністраў Украіны прыпыніў дзеяньне пагадненьня з урадам Беларусі аб супрацоўніцтве ў галіне стандартызацыі, мэтралёгіі і сэртыфікацыі, прынятага 16 чэрвеня 1994 года.

Што тычыцца галіны асьветы, то раней супрацоўніцтва з шэрагам унівэрсытэтаў Беларусі спынілі, напрыклад, польскія ВНУ, якія заявілі, што ніякіх кантактаў ня будзе да зьмены ўлады.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Унівэрсытэты Беластоку спыняюць супрацоўніцтва зь беларускімі ВНУ
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Брэмэнскі ўнівэрсытэт спыніў супрацоўніцтва з адміністрацыяй БНТУ