Хроніка перасьледу 12 красавіка: 4 маладачанцаў адправілі ў калёнію за «счэпку»; палітзьняволенай маці анархіста прысудзілі «хімію»

Ілюстрацыйнае фота

Беларускія сілавікі не спыняюць перасьледу грамадзян за выказваньне імі грамадзянскай пазыцыі. Таксама працягваецца ціск на палітвязьняў.

Чатыром маладачанцам прысудзілі калёнію за «счэпку» 9 жніўня 2020 году

У судзе Маладачанскага раёну агучылі прысуды чатыром маладзёнам за ўдзел у акцыі пратэсту 9 жніўня 2020 году. Палітычных зьняволеных Антона Драздовіча, Аляксандра Новаша, а таксама Вольгу Чарняк і Руслана Шапунова абвінавацілі па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу (удзел у дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак) за тое, што яны стаялі ў «счэпцы» зь бел-чырвона-белым сьцягам, паведамляе «Вясна».

Трох хлопцаў асудзілі на паўтара года калёніі ва ўмовах агульнага рэжыму кожнаму, а дзяўчыну — на адзін год зьняволеньня. Такі прысуд вынесла судзьдзя Вольга Дубовік.

Згодна з абвінавачваньнем, яны «разгарнулі палотны бел-чырвона-белага колераў, выкрыквалі лёзунгі і крычалкі, гучна пляскалі ў далоні».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 11 красавіка: Паліну Шарэнду-Панасюк перавялі ў СІЗА, лідзяніна затрымалі за падпіску на тэлеграм-каналы

Палітзьняволеную маці анархіста асудзілі на тры гады «хіміі»

У судзе Фрунзэнскага раёну Менску на тры гады «хіміі» асудзілі 57-гадовую палітзьняволеную Гаянэ Ахціян — маці актывіста анархічнага руху Рамана Халілава. Судзьдзя Алена Бушава прызнала яе вінаватай па ч.1 арт. 342 КК (актыўны ўдзел у дзеяньнях, што груба парушаюць грамадзкі парадак), паведамляе «Вясна». Пасьля амаль 4,5 месяца ў СІЗА-1 жанчыну вызвалілі ў залі суду да накіраваньня ў папраўчую ўстанову.

26 лістапада 2021 году сілавікі выламалі дзьверы кватэры Гаянэ і правялі ператрус. Саму жанчыну затрымалі і даставілі ў Полацкі ГАУС, дзе склалі пратакол за «непадпарадкаваньне». Потым яе асудзілі на 10 сутак арышту.

Тады ж у прапагандысцкіх тэлеграм-каналах зьявілася відэа ператрусу, дзе Ахціян стаіць на каленях перад супрацоўнікамі ГУБАЗіКа і прызнае сваю віну. У відэароліку было напісана: «Родители в ответе за своих детей...»

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навіны палітвязьняў: хворы на анкалёгію Кастусёў год за кратамі, маладачанца Пяскова рэгулярна зьмяшчаюць у ШЫЗА, Залатар перавялі ў калёнію

Жыхара Верхнядзьвінску асудзілі за «пікетаваньне» на сайце адміністрацыі Лукашэнкі

Суд Верхнядзьвінскага раёну 25 сакавіка разгледзеў справу мясцовага жыхара, даведалася «Вясна». Яго абвінавацілі па арт. 24.23 КаАП у тым, што ён «правёў несанкцыянаванае пікетаваньне» на сайце адміністрацыі Лукашэнкі:

«Наўмысна разьмясьціў фатаздымак з выявай палотнішча сьцяга бела-чырвона-белага колеру і выявай герба Пагоня дзеля публічнага выказваньня сваіх грамадзка-палітычных інтарэсаў».

Мужчына на судзе растлумачыў, што даслаў на сайце паведамленьне з пытаньнем: «Чаму Беларусь удзельнічае ў вайне з Украінай?», але адказу не атрымаў. Таму ён зноў напісаў і далучыў фатаздымкі бел-чырвона-белага сьцяга і герба «Пагоня»:

«Добры дзень яшчэ раз, пісаў вам, але адказу няма, пішу яшчэ раз. Чаму Беларусь удзельнічае ў вайне з Украінай? Не вайне!!! Жыве Беларусь!!! Слава Ўкраіне!!!»

Судзьдзя Людміла Каваленка прызнала мужчыну вінаватым і арыштавала яго на 15 дзён.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 9 красавіка: у Менску на 2,5 гады калёніі асудзілі блогерку; суд прызнаў экстрэмісцкім тэлеграм-канал «Дажынкі»

Былога брамніка ФК «Граніт» асудзілі на 2 гады калёніі за абразу Лукашэнкі

Суд Лунінца і Лунінецкага раёну ў будынку мясцовага РАУС разгледзеў справу 33-гадовага Юрыя Церашкевіча — былога брамніка футбольнага клюбу «Граніт». Згодна зь вядомымі заяўкамі на матчы, ён гуляў за клюб у сэзоне 2006/2007.

Судзьдзя Сьвятлана Братанава прызнала яго вінаватым у абразе Лукашэнкі і асудзіла на 2 гады калёніі агульнага рэжыму, паведамляе «Вясна». Згодна з абвінавачаньнем, супрацоўнікі ДАІ затрымалі Церашкевіча ўвечары 9 студзеня 2022 году на аўтамабільнай дарозе. У аўтамабілі супрацоўнікаў, у бальніцы і па дарозе ў РАУС ён нібыта абражаў Лукашэнку, выказваючыся нецэнзурна. Сярод выразаў прысутнічалі: «Животное, быдло, пи... ёб..ый».

Менчуку прысудзілі тры гады «хіміі» за ўдзел у акцыі пратэсту

Суд Маскоўскага раёну Менску вынес прысуд па крымінальнай справе 25-гадовага палітвязьня Васіля Цяленчанкі, якога абвінавацілі «ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, або актыўным удзеле ў іх» (ч.1 арт. 342 КК). Справу разглядаў судзьдзя Сяргей Кацэр, піша «Вясна».

Праваабаронцам вядома, што Васіля абвінавачвалі ў актыўным удзеле ў масавых акцыях пратэсту восеньню 2020 году. У сваім апошнім слове ў судзе Цяленчанка казаў, што ўвесь час пад вартай марыў вярнуцца да сваёй дзяўчыны, да сям’і, вярнуцца да працы, якая для яго важная:

«Быў час падумаць, каб выправіць свае памылкі. Гэта самы цяжкі этап у маім жыцьці. Я супрацоўнічаў са сьледзтвам і таму прашу суд дазволіць мне вярнуцца да нармальнага жыцьця і прызначыць пакараньне, не зьвязанае з пазбаўленьнем мяне волі», — сказаў ён у судзе.

Палітвязьня Яўгена Маранца асудзілі другім разам

Сёньня Гомельскі абласны суд разгледзеў справу палітвязьня Яўгена Маранца. Пасьля таго як зімой былога заўзятара футбольнага клюбу «Гомель» асудзілі на 3 гады пазбаўленьня волі паводле ч.1 арт. 342 (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак) і ч. 1 арт. 333 (Незаконны абарот моцнадзейных або атрутных рэчываў) Крымінальнага кодэксу, яму выставілі абвінавачаньні паводле ч.1 арт. 361-1 (Стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня альбо ўдзел у ім).

Справа разглядалася ў закрытым рэжыме. Судзьдзя Мікалай Доля вынес палітвязьню новы прысуд: 4 гады пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Палітвязьня Яўгена Маранца асудзілі другі раз

Мянчанку чацьвёрты раз асудзілі за абразу міліцыянта

Сёньня ў судзе Цэнтральнага раёну Менску на два гады «хатняй хіміі» асудзілі 55-гадовую маці-адзіночку зь Менску Ірыну Сташкевіч. Гэта яе чацьвёрты суд па арт. 369 Крымінальнага кодэксу (абраза прадстаўніка ўлады): яе судзілі за «абразьлівыя» камэнтары ў дачыненьні да начальніка ГУБАЗіК Паршына, супрацоўніка Маладачанскай інспэкцыі Яўгена Калясені, міліцыянта Віталя Куляшова.

Суд праходзіў у закрытым рэжыме, таму падрабязнасьці справы невядомыя. Справу, як і другі раз, разглядаў судзьдзя Дзьмітры Карсюк. Агулам, шляхам складаньня пакараньняў, Ірыне прысудзілі 2,5 года «хатняй хіміі».

Пяць гадоў таму канал АНТ зьняў сюжэт пра Ірыну Сташкевіч: жанчына аформіла апякунства над дачкой суседкі, якая памерла.

Двух сяброў затрымалі за ўдзел у акцыі пратэсту ў 2020 годзе

Праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць пра затрыманьне Івана Глябко і Аляксея Буркова — яны ўдзельнічалі ў адной са жнівеньскіх акцый пратэсту ў 2020 годзе.

Ім інкрымінаваны артыкул 342 КК — Актыўны ўдзел у дзеяньнях, што груба парушаюць грамадзкі парадак.

У Менску затрымалі крэатыўнага дырэктара архітэктурнага бюро

Праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць пра затрыманьне менчука Канстанціна Высочына — з прычыны таго, што ён нібыта «вырашыў у сацсетках хайпануць па тэме ўкраінскіх падзей».

Пасьля вывучэньня тэлефона мужчыны сілавікі завялі на яго крымінальную справу па арт. 342 Крымінальнага кодэксу — нібыта Высочын удзельнічаў у акцыях пратэсту ў 2020 годзе і перакрываў дарожны рух.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «За што вас сюды даставілі?» — «За шкірку». Што вядома пра гомельскую актывістку, якая сьмяецца на відэа ГУБАЗіКу