Пракурор Міжнароднага крымінальнага суду: злачынствы ў Бучы ня фэйк, яны рэальныя

Генэральная пракурорка Ўкраіны Ірына Венядзіктава і пракурор Міжнароднага крымінальнага суду Карым Хан у Бучы, 13 красавіка 2022

Расьсьледаваньнем ваенных злачынстваў і злачынстваў супраць чалавечнасьці ва Ўкраіне займаецца Міжнародны крымінальны суд (МКС) у Гаазе. На гэтым тыдні Ўкраіну наведаў пракурор МКС Карым Хан.

Ён пабываў у Бучы і Барадзянцы пад Кіевам і заявіў, што цяпер вядзецца расьсьледаваньне ўчыненых там злачынстваў супраць цывільнага насельніцтва.

Пра гэта паведамляе партал Zerkalo.io.

Як распавёў Хан 14 красавіка на прэс-брыфінгу з генпракуроркай Украіны Ірынай Венядзіктавай, яго каманда крыміналістаў і сьледчых вывучыла месцы злачынстваў.

«Калі 2 сакавіка я распачаў гэтую справу, у нас былі ўжо тады ўсе падставы лічыць, што ва Ўкраіне ўчыненыя злачынствы, якія падпадаюць пад юрысдыкцыю МКС, — сказаў Хан. — Але ўчора і сёньня ў Бучы і Барадзянцы мы бачылі месцы злачынстваў, бачылі разбурэньні, бачылі мяхі зь целамі забітых. І я баюся ўявіць, што мы можам убачыць у Марыюпалі, у Харкаве, я там ня быў. Цяпер мы, як прадстаўнікі МКС, павінныя сабраць, праверыць і дасьледаваць усе доказы».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Катавалі, гвалтавалі, расстрэльвалі. Траціну з 10 тысяч ваенных злачынстваў Расеі ва Ўкраіне зарэгістравалі на Кіеўшчыне

«Першая ахвяра на вайне — праўда. І зараз абвінавачаньні гучаць з двух бакоў, і мы павінныя бесстаронна разгледзець усе магчымыя злачынствы, у тым ліку з боку Ўкраіны, — адзначыў Хан. — І потым незалежны суд будзе рабіць свае высновы і вызначаць праўду. Правасудзьдзе павіннае адбыцца, павінна надысьці адказнасьць. Нікому нічога не павінна сысьці з рук».

«Мы бачым, што гэтыя злачынствы не фэйк, яны рэальныя, і сытуацыя робіцца горш. Калі будуць падставы, мы дойдзем да суду ў рамках Рымскага статуту па прыкладзе Нюрнбэрскага трыбуналу», — сказаў Карым Хан.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зяленскі: у Барадзянцы яшчэ больш ахвяраў расейскіх акупантаў, чым у Бучы. ФОТА

Справа ў МКС, дадаў пракурор, была распачатая пасьля зваротаў 43 краін. Расьсьледаваньне вядзецца Міжнародным крымінальным судом разам з Эўраюстам, нацыянальнымі органамі розных краінаў і іншымі міжнароднымі ведамствамі. Прапанова аб супрацоўніцтве была накіраваная і Расеі. Па словах Карыма Хана, ён асабіста тры разы накіроўваў звароты ў Расею, але ўсе яны былі праігнараваныя.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пракурор суду, які расьсьледуе магчымыя ваенныя злачынствы, накіраваў Расеі запыт аб сустрэчы