У розных гарадах Расеі затрымалі ўдзельнікаў антываенных акцый

У Маскве на Краснай і Пушкінскай плошчах у суботу затрымалі некалькі ўдзельнікаў адзіночных пікетаў супраць вайны з Украінай.

Як паведамляе Медиазона і ОВД-Инфо, на Красную плошчу выйшлі Артур Алаеў з плякатам «Не вайне», Лія Кліменка з плякатам «Не фашызму» і Арцём Патапаў з плякатам «Дзецям патрэбны мір». Іх усіх затрымалі.

На Пушкінскай плошчы затрымалі пікетоўцу Арцёма Латушкіна. На яго плякаце было напісана «Не вайне» і ўрывак з паэмы «Гайдамакі» украінскага паэта Тараса Шаўчэнкі. Таксама паліцыянты затрымалі пікетоўцу Ашота Мелканяна, які ішоў з плякатам «Свабоду палітвязьням! Свабоду прэсе!» па Пушкінскай плошчы. Там жа пазьней затрымалі братоў Кірыла і Мікалая Салдатавых з антываеннымі плякатамі.

У Пецярбургу быў затрыманы Мікалай Раманаў, які зладзіў пікет з плакатам «Не вайне».

У Хабараўску затрымалі жыхарку, якая праводзіла адзіночны пікет супраць вайны. Паліцыянты пагражалі ёй карцэрам, паведаміла выданьне SOTA са спасылкай на свайго карэспандэнта. Яе імя не называецца. У руках яна трымала антываенны малюнак.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэтую бесчалавечную вайну пачаў Уладзімір Пуцін», —Чулпан Хаматава выступіла ў Рызе на антываенным мітынгу

Ва Ўхце (рэспубліка Комі) жыхара аштрафавалі на 30 тысяч рублёў па артыкуле аб дыскрэдытацыі арміі за тое, што ён абліў чырвонай фарбай банэр з літарай Z. Пра гэта паведамляе прэс-служба МУС па Комі.

Банэр з літарай Z у выглядзе георгіеўскай стужкі зьявіўся на шматпавярховым доме па вуліцы Першамайскай. Таго, хто абліў банэр фарбай, вылічылі па камэрах назіраньня. Паліцыянты сьцьвярджаюць, што знайшлі ў тэлефоне ў мужчыны «перапіску, якая пацьвярджае факт падрыхтоўкі да зьдзяйсьненьня супрацьпраўнага дзеяньня», а сам ён «прызнаў віну і выказаў прабачэньні грамадзянам, чые пачуцьці абразіў».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея ўхваліла экстрадыцыю ў Беларусь палітзьняволенай віцяблянкі Яны Пінчук
  • Расея 24 лютага 2022 г. пачала ваеннае ўварваньне ва Ўкраіну. Празь некалькі дзён пасьля пачатку вайны Дзярждума прыняла закон аб адміністрацыйнай і крымінальнай адказнасьці за «дыскрэдытацыю» Узброеных сіл Расеі і аб крымінальнай за распаўсюджваньне так званых фэйкаў. За гэта могуць пагражаць як штрафы, гэтак і пазбаўленьне волі да 15 гадоў.
  • Па дадзеных «АВД-Інфа», з моманту прыняцьця закона было ўзбуджана каля тысячы адміністрацыйных спраў аб «дыскрэдытацыі». Паводле інфармацыі праваабарончага праекта «Агора», каля 100 чалавек сталі фігурантамі крымінальных спраў за антываенныя выказваньні і дзеяньні (справы ўзбуджаюцца па артыкулах аб вандалізьме, фэйках аб войску і гвалце супраць паліцыянтаў).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мапа антываеннага супраціву ў Беларусі