Расея спыняе экспарт электраэнэргіі ў Фінляндыю

Расейскае дзяржаўнае энэргетычнае прадпрыемства «Інтер РАО» з 14 траўня спыняе экспарт электраэнэргіі ў Фінляндыю праз адсутнасьць платы за яе.

Пра гэта паведамляе Reuters, спасылаючыся на заяву PAO Nordic, фінскай даччынай кампаніі расейскага прадпрыемства.

«Гэта выключная сытуацыя, яна адбылася ўпершыню больш як за дваццаць гадоў нашай гандлёвай гісторыі», — гаворыцца ў заяве РАО Nordic.

Спыненьне імпарту расейскай электраэнэргіі, паводле Fingrid, фінскага апэратара электраэнэргетычнай сеткі краіны, ня створыць праблемы для фінскіх спажыўцоў, бо электраэнэргія з Расеі складае каля 10% агульнага спажываньня Фінляндыі.

«Адсутны імпарт можа быць заменены на рынку электраэнэргіі за кошт імпарту электраэнэргіі са Швэцыі, а таксама ўнутранай вытворчасьці», — гаворыцца ў паведамленьні Fingrid.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Баўгарыя і Польшча атрымліваюць газ ад суседзяў па Эўразьвязе, Фінляндыя таксама адмовілася плаціць Расеі ў рублях
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Заплянаванае ўступленьне Фінляндыі ў NATO ў Крамлі назвалі пагрозай Расеі