Пракоп’еў расказаў, як сілавікі разграмілі яго кватэру ў Менску

Вадзім Пракоп’еў

Супрацоўнікі ГУБАЗіКа апублікавалі «справаздачу» аб разгроме кватэры грамадзкага дзеяча Вадзіма Пракоп’ева. Усё гэта суправадзілі відэа ў стылі «да» і «пасьля». Пракопʼеў пракамэнтаваў «Нашай ніве» гэты інцыдэнт.

У кватэры Вадзіма Пракоп’ева сілавікі пабілі шкло, забрудзілі ўнітаз, разламалі мэблю, адарвалі выцяжку.

«Калі зьяжджаў, я пакінуў у сваёй кватэры на вуліцы Мельнікайце калёнкі на дыстанцыйным кіраваньні, паставіў іх ля вокнаў і ўключаў „Перамен“ на ўсю гучнасьць, — расказвае Пракопʼеў. — Кватэру гэтую я хацеў прадаць, але на гэта дзеяньне ў кадастры наклалі забарону, бо я, паводле іх вэрсіі, „тэрарыст“. Апроч іншага, праз знаёмых па сувораўскай вучэльні мне перадавалі цалкам канкрэтныя „прывітаньні“ ад ГУБАЗіКа. У жніўні 2021-га кватэру разьнёс КДБ. Я падумаў: ну ладна, адрамантую і хоць здам яе».

Пракопʼеў паведаміў, што праз час наняў будаўнікоў праз інтэрнэт, каб адрамантаваць кватэру.

«І вось, яшчэ да канца рамонту карная брыгада ўварвалася і разграміла кватэру другі раз, — расказаў Пракопʼеў. — Рабочым заявілі, што ўласьнік — тэрарыст. Рабілі ўсё ў найлепшых традыцыях гэтых „джэнтэльмэнаў“ — ня змылі за сабой у туалеце. Але калі мы вернем сабе ўладу ў Менску, выканаўцы і камандзіры гэтых байцоў могуць не хвалявацца — я камунальнымі помстамі не займаюся, вашы кватэры застануцца цэлымі і будуць чакаць гаспадароў».

Грамадзкі дзяяч Вадзім Пракоп’еў — у мінулым бізнэсовец, рэстаратар, блогер. Цяпер ён займаецца арганізацыяй узброенага фармаваньня беларусаў (полк «Пагоня») у шэрагах украінскага замежнага легіёну.

Сам Пракопʼеў па адукацыі — вайсковец. Касьцяк злучэньня складаюць беларускія афіцэры-адстаўнікі. Сябе ён цяпер называе салдатам.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пракоп'еў: Не дараваў, не дарую, буду супраціўляцца
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Першая задача — дапамагчы Ўкраіне, другая — дапамагчы сабе». Пракоп’еў — пра фармаваньне беларускага палку «Пагоня»