Прэзыдэнт Турэччыны агучыў умовы, пры якіх можа падтрымаць далучэньне Швэцыі і Фінляндыі да NATO

Прэзыдэнт Турэччыны Рэджэп Эрдаган

Прэзыдэнт Турэччыны Рэджэп Эрдаган, які раней заявіў, што ягоная краіна заблякуе ўступленьне Швэцыі і Фінляндыі ў NATO, 21 траўня запатрабаваў ад лідэраў гэтых краін адмовіцца ад прытулку людзям, якіх Анкара лічыць тэрарыстамі, а таксама зьняць эмбарга на пастаўкі Турэччыне зброі.

Эрдаган пагутарыў па тэлефоне з прэзыдэнтам Фінляндыі Саўлі Нійністэ і прэм’ер-міністрам Швэцыі Магдаленай Андэрсан. Таксама ён патэлефанаваў генэральнаму сакратару NATO Енсу Столтэнбергу.

Як гаворыцца ў паведамленьні адміністрацыі Эрдагана, турэцкі прэзыдэнт сказаў Столтэнбергу, што Анкара адпрэчыць заяўкі дзьвюх краін на ўступленьне ў NATO, калі яны «выразна не прадэманструюць гатоўнасьць да супрацоўніцтва ў барацьбе з тэрарызмам і па іншых пытаньнях». Столтэнберг заявіў, што падчас перамоваў павінна быць знойдзена рашэньне, якое ўлічвае асьцярогі ўсіх бакоў у сфэры бясьпекі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Якія наступствы будзе мець сяброўства Фінляндыі і Швэцыі ў NATO. 6 тэзісаў

Пасьля таго, як Швэцыя і Фінляндыя на гэтым тыдні афіцыйна заявілі пра імкненьне ўступіць у NATO, Эрдаган — нечакана для шэрагу камэнтатараў — заявіў, што Турэччына цяпер ня можа з гэтым пагадзіцца. Анкара абвінавачвае Стакгольм і Хэльсынкі ў тым, што яны даюць прытулак актывістам Курдзкай рабочай партыі, якая прызнаная тэрарыстычнай у Турэччыне і ЭЗ, а таксама прыхільнікам Фэтулаха Гюлена, якога Эрдаган абвінавачвае ў арганізацыі спробы перавароту ў 2016 годзе.

Лідэры Фінляндыі і Швэцыі пасьля перамоваў з Эрдаганам заявілі, што асуджаюць тэрарызм і падкрэсьлілі, што ў рамках NATO будуць аказваць Турэччыне дапамогу ў сфэры бясьпекі.

Швэцыя і Фінляндыя падалі фармальную заяўку на ўступленьне ў NATO 18 траўня. Абедзьве краіны доўгія дзесяцігодзьдзі былі нэўтральнымі. Памяняць пазыцыю іх прымусіла расейскае ўварваньне ва Ўкраіну. Для ўступленьня ў NATO патрэбная згода ўсіх 30 краін альянсу. Пакуль афіцыйныя пярэчаньні выказала толькі Турэччына. ЗША і іншыя краіны NATO перакананыя, што з Анкарой атрымаецца дамовіцца.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Абстрэлы на Данбасе, Ровенскай, Сумскай, Харкаўскай і Херсонскай абласьцях. 87-ы дзень вайны Расеі супраць Украіны