Пэле заклікаў Пуціна спыніць вайну ва Ўкраіне

Пуцін, Пэле (у цэнтры) і Марадона ў Маскве, сьнежань 2017

Легенда сусьветнага футболу, 81-гадовы бразілец Пэле (Эдсан Арантыс ды Насімэнту) заклікаў прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна спыніць вайну ва Ўкраіне.

«Няма абсалютна ніякага апраўданьня для гэтага гвалту, які працягваецца. Гэты канфлікт жудасны, неапраўданы і не прыносіць нічога, акрамя болю, страху і нянавісьці», — гаворыцца ў адкрытым лісьце да Пуціна, апублікаваным у інстаграме Пэле.

«Магчымасьць спыніць яго — у вашых руках, — працягвае легендарны футбаліст, — тых, якія я паціскаў падчас нашай апошняй сустрэчы ў Маскве ў 2017 годзе».

Тады Пэле ўдзельнічаў у мерапрыемствах Міжнароднай фэдэрацыі футболу (ФІФА), якія папярэднічалі чэмпіянату сьвету ў Расеі ў 2018 годзе.

Пэле ўваходзіць у лік ста найбольш уплывовых людзей сьвету паводле вэрсіі часопіса Time.

  • 24 лютага расейскія войскі ўвайшлі на тэрыторыю Ўкраіны на загад прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна. Мэтамі ваеннага ўварваньня ён назваў «дэнацыфікацыю» і «дэмілітарызацыю» Украіны, але не ўдакладніў, што канкрэтна мае на ўвазе.
  • За тры месяцы зь дня пачатку шырокамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну ахвярамі баявых дзеяньняў сталі тысячы, а па некаторых зьвестках — дзясяткі тысяч мірных жыхароў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мадонна, Måneskin, Bon Jovi, сын Джона Ленана, U2, Білі Айліш і іншыя: сусьветныя зоркі публікуюць песьні ў падтрымку Ўкраіны
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вольскі, Стыльскі, Памідораў запісалі песьню салідарнасьці з Украінай «Героям слава!» ВІДЭА