ТАА «Тут Бай Медыа» прызналі экстрэмісцкай арганізацыяй і ліквідавалі

Офіс Tut.by. Менск, красавік 2021. Ілюстрацыйнае фота

Эканамічны суд Менску ухваліў рашэньне аб прызнаньні кампаніі ТАА «Тут Бай Медыа» экстрэмісцкай арганізацыяй, забароне ейнай дзейнасьці на тэрыторыі Беларусі і яе ліквідацыі.

Пра рашэньне паведаміў Вярхоўны суд Беларусі:

«14 чэрвеня 2022 году рашэньнем эканамічнага суду г.Менску таварыства з абмежаванай адказнасьцю «Тут Бай Медыа» прызнана экстрэмісцкай арганізацыяй. Дзейнасьць таварыства з абмежаванай адказнасьцю «Тут Бай Медыа» на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь забараняецца.

Таварыства з абмежаванай адказнасьцю «Тут Бай Медыа» пастаноўлена ліквідаваць, выкарыстаньне сымболікі і атрыбутыкі таварыства з абмежаванай адказнасьцю «Тут Бай Медыа» — забараніць. Рашэньне падлягае неадкладнаму выкананьню».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што трэба ведаць пра экстрэмізм у Беларусі

У чым розьніца паміж экстрэмісцкай арганізацыяй і фармаваньнем?

З пункту гледжаньня беларускага заканадаўства, экстрэмісцкая арганізацыя і фармаваньне — гэта розныя рэчы з рознымі прававымі наступствамі.

У выпадку, калі арганізацыя, зарэгістраваная на тэрыторыі Беларусі, прызнаецца экстрэмісцкай, яе дзейнасьць на тэрыторыі Беларусі забараняецца і яна ліквідуецца на падставе рашэньня суду. Закон дадаткова забараняе выкарыстаньне сымболікі і атрыбутыкі такой арганізацыі. Прымаць такія рашэньні суды могуць па зваротах пракуратуры. Таксама на маёмасьць арганізацыі можа быць накладзены арышт.

Крымінальная адказнасьць прадугледжана толькі для юрыдычных асоб або індывідуальных прадпрымальнікаў паводле арт. 423-1 КК Беларусі (невыкананьне рашэньня аб прызнаньні арганізацыі, дзейнасьці індывідуальнага прадпрымальніка экстрэмісцкімі). Напрыклад, калі нейкая кампанія разьмесьціць на сваім плякаце лягатып Tut.by, то яе службовым асобам будзе пагражаць штраф ці пазбаўленьне волі тэрмінам да 3 гадоў.

Летась у траўні статус «экстрэмісцкай арганізацыі» атрымаў незалежны прафсаюз «Гродна Азот».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Незалежны прафсаюз «Гродна Азот» прызналі экстрэмісцкай арганізацыяй

«Экстрэмісцкае фармаваньне» — група грамадзян, якая ажыцьцяўляе экстрэмісцкую дзейнасьць, або якая аказвае іншае садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці, або якая прызнае магчымасьць яе ажыцьцяўленьня ў сваёй дзейнасьці, або якая фінансуе экстрэмісцкую дзейнасьць, у дачыненьні да якой прынята рашэньне Міністэрства ўнутраных спраў або Камітэту дзяржаўнай бясьпекі аб прызнаньні яе экстрэмісцкай.

Статус «экстрэмісцкага фармаваньня» можа прысвоіць МУС або КДБ. За стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня, удзел у ім або фінансаваньне яго прадугледжана крымінальная адказнасьць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Затрымліваюць не за лайкі і падпіскі, а каб запужаць». Юрыст пра масавае прызнаньне каналаў СМІ экстрэмісцкімі

Іншыя клясыфікацыі «экстрэмізму»:

  • Экстрэмісцкія матэрыялы — рашэньне суду, якое прымаецца ў дачыненьні да інфармацыі.
  • Экстрэмісцкая група — устойлівая кіраваная група ў колькасьці дзьвюх ці больш асоб, якія папярэдне аб’ядналіся для ажыцьцяўленьня экстрэмісцкай дзейнасьці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Каму дасталася спадчына Tut.by? Тлумачэньне мэдыяэкспэрта праз год пасьля разгрому парталу

Пра перасьлед Tut.by

  • 18 траўня офіс рэдакцыі быў заблякаваны за публікацыю «забароненай заканадаўствам інфармацыі», туды прыйшлі супрацоўнікі ДФР. Пазьней у ведамстве паведамілі, што на службовых асобаў завялі крымінальную справу за ўхіленьне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. На думку сілавікоў, рэзыдэнт Парку высокіх тэхналёгій атрымаў выручку, не абумоўленую дзейнасьцю, дазволенай для рэзыдэнтаў.
  • У справе затрымалі агулам 15 чалавек: кіраўнікі, журналісты і іншы пэрсанал мэдыйнага парталу Tut.by (Людміла Чэкіна, Марына Золатава, Вольга Лойка, Ірына Рыбалка, Алена Талкачова, Анжэла Асад, Марыя Новік, Ала Лапатка, Аляксандра Дайнека, Андрэй Аўдзееў, Дар'я Данілава, Кацярына Ткачэнка і Ірына Касьцючэнка), а таксама генэральны дырэктар Hoster.by Сяргей Павалішаў (вызвалілі 1 верасьня) і ўдава заснавальніка Tut.by Юлія Чарняўская. Праваабаронцы прызналі іх палітвязьнямі.
  • Удава заснавальніка парталу Юрыя Зісера Юлія Чарняўская цяпер пад хатнім арыштам, два дні пасьля затрыманьня пра яе не было нічога вядома, яна перанесла гіпэртанічны крыз і была на нейкі час шпіталізаваная.
  • Сам сайт Tut.by заблякаваны рашэньнем Мінінфармацыі.
  • У сьнежні 2020 году Tut.by на патрабаваньне Міністэрства інфармацыі пазбавілі статусу СМІ. Падставай сталі раней вынесеныя папярэджаньні да матэрыялаў аб правядзеньні прэзыдэнцкіх выбараў, дзейнасьці Камітэту дзяржаўнага кантролю, беларускай мытні і г.д.
  • Увечары 27 чэрвеня партал выдаліў з сацыяльных сетак усе допісы за апошнія паўтара года.
  • 13 жніўня Суд Цэнтральнага раёну Менску прызнаў інфармацыйную прадукцыю і сацыяльныя сеткі Tut.by і новага праекту тутбаеўцаў Zerkalo.io экстрэмісцкімі.
  • 7 кастрычніка Сьледчы камітэт паведаміў пра новую крымінальную справу супраць тутбаеўцаў — за распальваньне варожасьці, учыненае групай асобаў (ч. 3 арт. 130). Максымальная санкцыя па гэтым артыкуле — 12 гадоў зьняволеньня.
  • Справу Tut.by пачалі разглядаць 9 студзеня 2023 ў Менскім гарадзкім судзе. Працэс праходзіў ў закрытым рэжыме, яго ўзначальвала судзьдзя — Валянціна Зянькевіч.
  • На лаве падсудных знаходзіліся галоўная рэдактарка выданьня Марына Золатава, былая генэральная дырэктарка Людміла Чэкіна. Яшчэ тры фігуранткі справы, якім раней зьмянілі меру стрыманьня, – Вольга Лойка, Алена Талкачова і Кацярына Ткачэнка – на судзе не прысутнічалі, яны жывуць за мяжой.
  • 17 сакавіка Марыне Золатавай і Людміле Чэкінай прысудзілі па 12 гадоў калёніі кожнай.
  • 15 красавіка генэральны дырэктар Hoster.by Сяргей Павалішаў напісаў, што ўлады памілавалі дзевецярых фігурантаў справы пасьля пададзенага ў сьнежні прашэньня аб памілаваньні. Партал Zerkalo.io паведаміў, што мае інфармацыю аб тым, што агулам ад крымінальнай адказнасьці вызвалілі 9 чалавек.