Лідэры G7 абяцаюць Украіне бестэрміновую падтрымку

Сустрэча лідэраў «Групы сямі», Нямеччына, 26 чэрвеня 2022 году

Усіх лідэраў краін «Групы сямі» (G7) непакоіць глябальны крызіс на фоне росту інфляцыі і запаволеньня эканамічнага росту. Пра гэта заявіў канцлер Нямеччыны Оляф Шольц пасьля прысьвечанай сусьветнай эканоміцы сэсіі ў рамках саміту G7.

Краіны «Групы сямі» зьбіраюцца да 2027 году прыцягнуць 600 мільярдаў эўра ў разьвіцьцё інфраструктуры краін, якія сталі на шлях разьвіцьця, у рамках ініцыятывы, накіраванай на супрацьдзеяньне шматтрыльённаму праекту Кітаю «Адзін пояс, адзін шлях». 200 мільярдаў даляраў прыцягнуць ЗША.

У мэмарандуме на сайце Белага дому сказана, што прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн і іншыя лідэры краін G7 запускаюць афіцыйнае партнэрства, якое ліквідуе недахопы ў інфраструктуры краін, якія разьвіваюцца, умацуе сусьветную эканоміку і ланцужкі паставак, а таксама прасуне інтарэсы Вашынгтону ў сфэры нацыянальнай бясьпекі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вялікая Брытанія, ЗША, Канада і Японія забароняць імпарт расейскага золата

Фінансаваньне будзе накіраванае ў кліматычную і энэргетычную бясьпеку, лічбавую сувязь, ахову здароўя і гендэрную роўнасьць.

Акрамя таго, Шольц і Байдэн падчас сустрэчы дамовіліся працягваць вайсковую дапамогу Ўкраіне. Як стала вядома агенцтву Bloomberg, у праекце дэклярацыі «сямёркі» сказана, што яе лідэры будуць аказваць падтрымку Ўкраіне — вайсковую, гуманітарную, дыпляматычную — столькі, колькі спатрэбіцца.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Абмяркоўвалі вайну ва Ўкраіне. Джонсан перасьцярог Макрона ад спробаў «залагодзіць канфлікт»

Саміт G7 праходзіць ад 26 да 28 чэрвеня ў замку Эльмаў у Баварскіх Альпах. У G7 уваходзяць Вялікабрытанія, Нямеччына, Італія, Канада, Францыя, Японія і ЗША. Сёлета на мерапрыемства таксама запрасілі прадстаўнікоў Інданэзіі і Індыі.