У Польшчы заявілі, што электронная сыстэма аховы на мяжы зь Беларусьсю ахопіць месцы, дзе ня ставілі 5-мэтровы паркан

На польска-беларускай мяжы

Памежная служба Рэспублікі Польшча паведаміла, што працы па ўмацаваньні мяжы зь Беларусьсю ня скончаныя. Акрамя агароджы мяжу ўзмоцняць электронным маніторынгам.

Наперадзе ўсталяваньне 202 км электроннай сыстэмы аховы. Яна будзе даўжэйшай за 5-мэтровую агароджу, якая расьцягнулася на 186 км і ўжо збудаваная, інфармуе беларуская служба Польскага радыё.

Прэс-сакратар Памежнай службы Ганна Міхальска адзначыла, што ўжо існуючы фізычны бар’ер будзе паўнавартасна працаваць толькі пасьля ўстаноўкі элемэнтаў электроннага кантролю. Ён будзе ахопліваць месцы, дзе няма агароджы, дзе мяжа праходзіць па рэках.

«Для нас гэта ключавы элемэнт агароджы», — дадала яна.

За мінулы дзень 36 замежнікаў спрабавалі нелегальна трапіць у Польшчу праз польска-беларускую мяжу. Сярод затрыманых мігрантаў былі грамадзяне Інданэзіі і Бэніну.

«Іншаземцы траплялі ў Польшчу пры дапамозе драбінаў і цераз рэкі», — паведамілі ў Памежнай службе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Людзі ўжо капаюць пад плотам». Польскі юрыст расказаў, што мігранты пасьпяхова падкопваюць агароджу на мяжы зь Беларусьсю
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Улады зьбіраюцца зрабіць больш строгімі ўмовы выезду зь Беларусі. Каго гэта можа зачапіць?