Хроніка перасьледу 22 ліпеня: Работніку «Хімвалакна» прысудзілі 1,5 года калёніі, сужэнцам зь Менску — 3 гады «хатняй хіміі»

Уладзімер Дальшоў і Санта Франчук

Рэпрэсіі ў дачыненьні да беларусаў працягваюцца.

За абразу Лукашэнкі ў Сьветлагорску асудзілі работніка «Хімвалакна»

У судзе Сьветлагорскага раёну 22 ліпеня вынесьлі прысуд у крымінальнай справе работніка «Хімвалакна» Алега Чычыкайлы, абвінавачанага ў абразе прэзыдэнта (ч. 1 арт. 368 Крымінальнага кодэксу).

Справу разглядала судзьдзя Галіна Гулевіч.

Аб затрыманьні мужчыны стала вядома 31 траўня, а 3 чэрвеня яго зьмясьцілі пад варту ў СІЗА-3 ў Гомлі.

Паводле матэрыялаў абвінавачаньня, Чычыкайла пакінуў у інтэрнэце камэнтар, які палічылі абразьлівым у дачыненьні да Лукашэнкі.

Судовыя пасяджэньні праходзілі ў будынку былога прафэсійнага ліцэю хімікаў, дзе часова разьмяшчаецца суд Сьветлагорскага раёну ў сувязі з рэканструкцыяй свайго будынка.

Праваабарончы цэнтар «Вясна» паведамляе, што суд абвінаваціў Чычыкайлу ў інкрымінаваных яму злачынствах і пакараў яго 1 годам 6 месяцамі калёніі.

У панядзелак 25 ліпеня ў сьветлагорскім судзе зноў пачнуць разгляд справы за абразу Лукашэнкі. На лаве падсудных будзе жыхарка Светлагорскага раёну Натальля Леановіч.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сілавікі затрымалі супрацоўніка Менгарвыканкаму за рэгістрацыю ў чат-боце «Перамога»

Палітзьняволеных сужэнцаў асудзілі на 3 гады «хатняй хіміі» за ўдзел у акцыях пратэсту

Учора, 21 ліпеня, у судзе Савецкага раёну Менску палітзьняволеных Санту Франчук і Ўладзімера Дальшова абвінавацілі ва ўдзеле ў трох эпізодах групавых дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак (ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу). Судзьдзя Вольга Емяльянчанка прысудзіла пары па тры гады абмежаваньня волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хатняй хіміі») кожнаму. Іх вызвалілі ў залі суду.

Санта і Ўладзімер — праграмісты з Менску. 27 лютага на выбарчым участку сілавікі затрымалі Санту за фота бюлетэня, а пазьней яе арыштавалі на 15 сутак. Пасьля «сутак» яе перазатрымалі ў крымінальнай справе. Уладзімер паехаў сустракаць жонку пасьля арышту ў Жодзіне, але там яму паведамілі, што трэба падысьці на гутарку. У выніку яго затрымалі за фатаграфіі зь мітынгаў, якія знайшлі ў тэлефоне Санты. За кратамі мужа і жонку ўтрымлівалі больш за 4 месяцы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 21 ліпеня: 3 гады «хіміі» за ўдзел у пасьлявыбарных пратэстах

У Ваўкавыску чацьвёра супрацоўнікаў АМАПу ў поўнай амуніцыі затрымалі работніка «Краснасельскбудматэрыялы»

Нагода затрыманьня мужчыны — нібыта распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў, а таксама матэрыялаў, якія «ганьбяць» Аляксандра Лукашэнку і нацыянальныя сымбалі Рэспублікі Беларусь, паведамляюць праваабаронцы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 19 ліпеня: Судзяць былога супрацоўніка КДБ з «тэрарыстычнага сьпісу»; у Магілёве і Баранавічах затрымалі лекараў

Чарговыя масавыя затрыманьні: на гэты раз за камэнтары аб загінулым баранавіцкім міліцыянце

У праўладных тэлеграм-каналах зьявіліся «пакаянныя» відэа зь пяцьцю мужчынамі, якіх абвінавачваюць у абразе загінулага сілавіка, паведамляе Zerkalo.io.

У сваіх тэлеграм-каналах сілавікі паведамляюць, што дзеяньні затрыманых кваліфікуюцца паводле арт. 130 КК (Распальваньне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасьці). Пакараньне па ёй прадугледжвае да 10 гадоў пазбаўленьня волі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «27 чалавек аб’ядналі ў групу, праводзяць экспэртызы». Што цяпер зь беларусамі, затрыманымі за камэнтары па «справе Зельцара»