Да 12 гадоў турмы: пракурор запрасіў тэрміны для абвінавачаных Фядуты, Кастусёва, Зянковіча

Юрась Зянковіч, Аляксандар Фядута, Рыгор Кастусёў (зьлева направа)

30 жніўня пракурор запрасіў тэрміны зьняволеньня для фігурантаў справы «аб змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады» Юрыя Зянковіча, Аляксандра Фядуты, Рыгора Кастусёва, Вольгі Галубовіч і Дзяніса Краўчука.

Як паведаміла «Вясна», пракурор Міхаіл Кавалёў запатрабаваў пакараць:

  • палітоляга і літаратуразнаўцу Аляксандра Фядуту па ч. 1 арт. 357 КК (змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам) — 12 гадамі калёніі;
  • кіраўніка партыі БНФ Рыгора Кастусёва па ч. 1 арт. 357 КК — 12 гадамі калёніі;
  • юрыста Юрася Зянковіча па ч. 1 арт. 357 КК (змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам), ч. 1 арт. 361-1 КК (стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня і кіраваньне ім), ч. 3 арт. 361 КК (публічныя заклікі да захопу дзяржаўнай улады), ч. 3 арт. 130 КК (распальваньне сацыяльнай варожасьці) — 12 гадамі калёніі;
  • супрацоўніцу менскага офісу Зянковіча Вольгу Галубовіч па арт. 342 КК (актыўны ўдзел у групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак) — 3 гадамі калёніі;
  • актывіста і дальнабойшчыка Дзяніса Краўчука (па арт. 342 КК) — 3 гадамі калёніі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Фігурант справы «аб змове» Фядута папрасіў адкласьці судовае паседжаньне праз дрэннае самаадчуваньне

Судовы працэс у «справе аб дзяржаўным перавароце», у якой фігуруюць Юры Зянковіч, Аляксандар Фядута, Рыгор Кастусёў, Вольга Галубовіч і Дзяніс Краўчук, пачаўся 29 ліпеня ў будынку суду Менскага раёну.

  • Зянковіча абвінавачваюць паводле ч. 1 арт. 357 КК (змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам), ч. 1 арт. 361-1 КК (стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня і кіраваньне ім), ч. 3 арт. 361 КК (публічныя заклікі да захопу дзяржаўнай улады), ч. 3 арт. 130 КК (распальваньне сацыяльнай варожасьці).
  • Фядуту і Кастусёва — паводле ч. 1 арт. 357 КК (змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам).
  • Галубовіч і Краўчука — паводле ч. 1 арт. 342 КК (актыўны ўдзел у групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак).

Справу расьсьледаваў Камітэт дзяржаўнай бясьпекі Беларусі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Фядута падчас допыту на судзе «аб змове з мэтай захопу ўлады»: арганізатарам быў Шчыгельскі, сувыканаўцам — Зянковіч

Іншыя фігуранты справы — псыхіятар Дзьмітры Шчыгельскі, экс-супрацоўнік спэцпадразьдзяленьня МУС «Алмаз» Ігар Макар, а таксама Аляксандар Перапечка, Павал Кулажанка і Віталь Макаранка, якія пражываюць за мяжой.

Пяцёх абвінавачаных затрымалі ў сярэдзіне красавіка 2021 году. Праваабаронцы прызналі палітвязьнямі ўсіх, акрамя Зянковіча.

Лукашэнка тады заявіў, што яны нібыта рыхтавалі замах на яго і ягоных сыноў.

Аляксандар Фядута пасьля абвяшчэньня абвінавачаньня часткова прызнаў віну. Рыгор Кастусёў не прызнаў віны па ніводным з пунктаў выстаўленага яму абвінавачаньня. Вольга Галубовіч і Дзяніс Краўчук прызналі віну ў судзе ў поўным абʼёме. Зянковіч ня выказаўся, ці прызнае віну, але ў судзе стала вядома пра ягонае пагадненьне са сьледзтвам.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Справа «аб змове»: Зянковіч ня выказаўся, ці прызнае віну, але ў судзе стала вядома пра ягонае пагадненьне са сьледзтвам