Зяленскі адказаў на пэтыцыю аб наданьні ўкраінскага грамадзянства беларускім добраахвотнікам ва Ўкраіне

Уладзімір Зяленскі

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі адказаў на апублікаваную ў пачатку чэрвеня пэтыцыю з просьбай надаць украінскае грамадзянства добраахвотнікам зь іншых дзяржаў, якія ваююць за Ўкраіну — у тым ліку беларусам. Паводле Зяленскага, гэтае пытаньне вырашаецца.

У адказе Зяленскі адзначыў, што падставы і парадак набыцьця грамадзянства краіны вызначаюцца Законам «Аб грамадзянстве Ўкраіны». Атрымаць яго могуць замежнікі і асобы без грамадзянства, якія праходзяць або праходзілі ваенную службу ва Ўзброеных сілах Украіны па кантракце, маюць выдатныя заслугі перад Украінай або прыняцьце іх у грамадзянства ўяўляе дзяржаўны інтарэс для краіны.

Прэзыдэнт Украіны нагадаў, што ўжо неаднаразова прымаў рашэньні і выдаваў указы аб наданьні грамадзянства замежным добраахвотнікам, якія ваююць за Ўкраіну.

Таксама Зяленскі заявіў, што ў сфэры грамадзянства былі ініцыяваныя заканадаўчыя зьмены, накіраваныя ў тым ліку і на вырашэньне пытаньняў атрыманьня грамадзянства Ўкраіны добраахвотнікамі зь іншых краін.

Варта адзначыць, што Зяленскі адказаў на пэтыцыю яшчэ ў пачатку жніўня, але СМІ заўважылі гэта толькі цяпер.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускія і ўкраінскія праваабаронцы заклікалі ўлады Ўкраіны спрасьціць легалізацыю беларусаў

У пачатку чэрвеня на сайце Зяленскага зьявілася пэтыцыя з патрабаваньнем даць украінскае грамадзянства паводле паскоранай працэдуры замежным добраахвотнікам (у тым ліку беларусам), якія ваююць на баку Ўкраіны.

Аўтары звароту, сярод іншага, нагадалі, што грамадзяне Беларусі, якія трапілі ў палон, не абароненыя канвэнцыямі, як ваеннапалонныя, іх абмен немагчымы, а на радзіме ім пагражае крымінальная адказнасьць ажно да сьмяротнага пакараньня. Менш як за 3 месяцы пэтыцыя сабрала больш за 28 тысяч подпісаў (пры неабходным мінімуме ў 25 тысяч).

Многія беларусы з пачатку вайны сталі на абарону Ўкраіны, сфармаваліся полк Каліноўскага і полк «Пагоня», таксама беларусы ваююць у шэрагах УСУ. Па падліках штабу Ціханоўскай, на баку Ўкраіны ваююць каля 1500 беларусаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Байцы палку Каліноўскага атрымалі ўкраінскія дзяржаўныя ўзнагароды. Фотафакт
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ня толькі беларусы. Колькі іншаземцаў і зь якіх краін змагаюцца на баку Ўкраіны ў вайне з Расеяй
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Паўгода ідзе вайна ва Ўкраіне. Асноўныя факты і лічбы
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 10 сьмерцяў беларускіх добраахвотнікаў і іншыя лічбы і факты пра вайну ва Ўкраіне, якая ідзе ўжо 150 дзён