Расея скасавала пагадненьне зь Японіяй аб бязьвізавым уезьдзе на Паўднёвыя Курылы

Курыльскія астравы. Архіўнае фота

Адпаведнае распараджэньне падпісаў кіраўнік ўраду Расеі Міхаіл Мішусьцін.

Пагадненьне дзейнічала з 1999 года і дазваляла японскім грамадзянам, якія ў мінулым жылі на гэтай тэрыторыі, і членам іхных сем’яў прыяжджаць на Курылы без афармленьня віз, напрыклад для наведваньня магілаў сваіх продкаў.

Пад дзеяньне пагадненьня 1999 году траплялі астравы Кунашыр, Ітуруп і яшчэ некалькі астравоў Малой Курыльскай грады, якія адносяцца да Сахалінскай вобласьці Расейскай Фэдэрацыі. Яны ўвайшлі ў склад СССР у 1946 годзе. Японія не прызнала іх прыналежнасьць СССР і пасьля Расеі, аднак вяла з РФ перамовы аб эканамічным і гуманітарным супрацоўніцтве ў гэтай галіне.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Японія будзе называць Курылы акупаванымі Расеяй тэрыторыямі
  • Пасьля пачатку ваеннага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну ў лютым 2022 году Японія ўвяла санкцыі ў дачыненьні да прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна і вышэйшых службовых асоб, а таксама пазбавіла Расею статусу найбольшага спрыяньня ў гандлі, замарозіла актывы 15 расейскіх асоб і дзевяці арганізацый, у тым ліку кіраўніка ваеннай разьведкі Расеі, намесьнікаў міністра абароны і экспарцёра зброі «Рособоронэкспорт». Таксама Японія абʼявіла, што будзе аказваць ваенную і гуманітарную дапамогу Ўкраіне.
  • Расея ўнесла Японію ў сьпіс «недружалюбных краін» і заявіла, што выходзіць з дыялёгу з Японіяй аб наладжваньні сумеснай гаспадарчай дзейнасьці на Паўднёвых Курылах і блякуе працяг статусу Японіі як партнэра Арганізацыі Чарнаморскага эканамічнага супрацоўніцтва па сэктаральным дыялёгу. Прэмʼер-міністар Японіі Фуміё Касіда назваў тады дзеяньні Расеі «неразумнымі і абсалютна непрымальнымі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея замарожвае перамовы аб мірнай дамове зь Японіяй. Цяпер фармальна краіны знаходзяцца ў стане вайны
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: МЗС Японіі заявіла, што паўднёвыя Курылы пад акупацыяй Расеяй