Эўразьвяз дамовіўся выдзяліць Украіне 5 млрд эўра дапамогі

Міністры фінансаў краін ЭЗ узгаднілі рашэньне аб выдзяленьні Ўкраіне новага траншу макрафінансавай дапамогі ў памеры 5 млрд эўра.

Як паведамляе Reuters, гэтыя сродкі накіруюць на падтрымку сацыяльнай сфэры (школ, бальніц), утрыманьне аб'ектаў крытычнай інфраструктуры.

Крэдыт, забясьпечаны гарантыямі краін Эўразьвязу, стане часткай агульнага пакету фінансавай дапамогі ў 9 млрд эўра, які быў узгоднены на чэрвеньскім саміце ЭЗ. Прэмʼер-міністар Украіны Дзяніс Шмыгаль заявіў, што яшчэ 3 млрд эўра макраэканамічнай дапамогі Эўразьвяз выдзеліць краіне да канца 2022 году.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эўракамісар Яганэс Ган: Дапамога Эўразьвязу Ўкраіне да канца году складзе 8 млрд эўра, але 5 зь іх — крэдыты

Шмыгаль таксама паведаміў аб пачатку палітычных кансультацый з Оляфам Шольцам і іншымі лідэрамі ЭЗ адносна новай праграмы макрафінансавай дапамогі на 2023 год. Гаворка, па словах кіраўніка Кабінэта міністраў Украіны, ідзе аб выдзяленьні 12 млрд эўра. Гэтыя сродкі, падкрэсьліў Шмыгаль, «дапамогуць Украіне пакрыць заплянаваны дэфіцыт дзяржбюджэту і забясьпечыць стабільнасьць украінскай эканомікі».

Першую частку макрафінансавай дапамогі ў памеры 1 млрд эўра Ўкраіна атрымала ў пачатку жніўня. Да гэтага ЭЗ выдзеліў Украіне экстраны крэдыт у памеры 1,2 млрд эўра.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эўраінтэграцыя падчас вайны. Што можа атрымаць Украіна ў якасьці кандыдаткі на сяброўства ў Эўразьвязе