Інваліда-вазочніка асудзілі на «хатнюю хімію» за абразу Лукашэнкі

Уладзіслаў Рабіч

У Баранавічах за абразу Лукашэнкі на тры гады «хатняй хіміі» асудзілі мужчыну зь першай групай інваліднасьці.

12 верасьня суд Баранавічаў і Баранавіцкага раёну вынес прысуд Уладзіславу Рабічу, інваліду першай групы. Рабіч мае дзіцячы цэрэбральны паралюш і перасоўваецца на вазку. Яго прызналі вінаватым паводле ч. 2 арт. 368 Крымінальнага кодэксу («Абраза Лукашэнкі») і асудзілі на тры гады абмежаваньня волі («хатнюю хімію»).

Пра гэта паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Баранавічах за рэакцыю на пост пра Лукашэнку будуць судзіць інваліда-вазочніка. А ў судзе няма пандуса

Вырак агучыў судзьдзя Мікалай Кміта. Абвінаваўцай на судзе была памочніца Баранавіцкага міжраённага пракурора Юлія Мірановіч. Таксама ў даход дзяржавы як «сродак учыненьня злачынства» канфіскавалі адзіны кампутар у сям’і.

Рабіч абавязаны аплаціць паслугі адваката (70 рублёў 40 капеек) і працэсуальныя выдаткі (170 рублёў). Судзьдзя Кміта падчас працэсу сказаў: «Неўзабаве амністыя, ён трапіць пад амністыю».