Сталі вядомыя дэталі арышту дырэктаркі менскай прыватнай школы

Вучні. Ілюстрацыйнае фота

Дырэктарку прыватнай школы «Смарт Скул» Натальлю Базанаву затрымалі 21 верасьня. На наступны дзень яе абвінавацілі ў «хуліганстве» і пакаралі 15-дзённым арыштам.

Аднак ці выйшла жанчына на волю, правабаронцам «Вясны» не вядома.

15 верасьня ў Менску ў прыватнай школе «Смарт Скул» на перапынку адзін вучань стрэліў з пнэўматычнага пісталета вучаніцы ў вока. Паводле сьледзтва, дырэктар і супрацоўнікі школы «ўсяляк спрабавалі схаваць інцыдэнт, не забясьпечылі бясьпеку правядзеньня заняткаў і кантроль за паводзінамі выхаванцаў».

20 верасьня Сьледчы камітэт завёў крымінальную справу аб злоўжываньні службовымі паўнамоцтвамі (ч. 2 арт. 424 КК) супраць 54-гадовай кіраўніцы школы Натальлі Базанавай. Але сама жанчына пазьней заявіла, што інцыдэнт не датычыцца школы.

Ужо 21 верасьня жанчыну затрымалі, паведамляюць праваабаронцы. Спачатку Натальлю дапытваў сьледчы, а ўвечары яе перавезьлі ў Цэнтральны РУУС Менску, дзе ўтрымлівалі да суду.

Пратакол на Натальлю склалі за «дробнае хуліганства» паводле арт. 19.1 КаАП – нібыта яна ў холе на першым паверсе РУУСа «лаялася, махала рукамі, кідалася ў бойку, а на просьбы супакоіцца не рэагавала».

Базанава сваёй віну не прызнала і растлумачыла, што ў гэты момант знаходзілася ў камэры для затрыманых. Па словах сьведкі-міліцыянта, Натальля ў момант «правапарушэньня» была не затрыманай, а проста «наведніцай» упраўленьня.

Судзьдзя Дзьмітры Карсюк 22 верасьня прызнаў жанчыну вінаватай у «хуліганстве» і прызначыў ёй 15-дзённы арышт.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Школу закрылі, пракуратура патрабуе сьпісы вучняў». Як рэжым Лукашэнкі зьнішчае прыватную сярэднюю адукацыю

Акрамя Натальлі 21 верасьня затрымалі пісьменьніка і настаўніка «Смарт Скул» Дзьмітрыя Юртаева. У «пакаяльным» відэа Дзьмітрый паведаміў, што браў удзел у пратэстах, бо «балела сэрца за краіну».

Вядома, што 23 верасьня яго справу па арт. 19.1 КаАП разглядала судзьдзя Першамайскага раёна Менска Тацьцяна Ліньнік. Але вынік праваабаронцам невядомы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Улады бачаць у прыватнай адукацыі свайго апанэнта, альтэрнатыву», — пэдагог Сьвятлана Мацкевіч

Раней у Менгарвыканкаме заявілі, што амаль 20 прыватных школ і садкоў працавалі безь дзяржаўнай рэгістрацыі. Першая намесьніца старшыні камітэту адукацыі Менгарвыканкаму Людміла Барысенка заявіла, што з 25 прыватных устаноў адукацыі, якія працавалі ў Менску з 1 верасьня, толькі 6 мелі пасьведчаньне аб дзяржаўнай рэгістрацыі.

У Менску больш за 2 тысячы дзяцей навучаліся ў прыватных школах, але на сёньня ўжо 47% з іх перайшлі ў дзяржаўныя ўстановы адукацыі.